Аплатковая сустрэча руху “Маці ў малітве” Віцебскай дыяцэзіі

У свята Яна евангеліста ў наймаладзейшай парафіі Віцебскай дыяцэзіі — парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах адбылася сустрэча матуль — удзельніц парафіяльных груп руху “Маці ў малітве”. На яе сабраліся прадстаўніцы як з заходніх, так і ўсходніх парафій Віцебшчыны — больш за 120 чалавек. 

Сустрэча пачалася святой Імшой, якую цэлебравалі духоўны настаўнік супольнасці ксёндз Антон Лагунёнак, пробашч касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Дунілавічах, і ксёндз-канонік Павел Самсонаў, пробашч парафіі Есуза Міласэрнага ў Паставах. Святары маліліся ў інтэнцыі ўсіх маці і іх дзяцей, унукаў, дзякавалі Богу за такую патрэбную супольнасць.

Падчас казання ксёндз Антон засяродзіў увагу на постаці святога Яна Евангеліста. Ян — адзін з дванаццаці апосталаў Езуса Хрыста, пакліканы сярод першых вучняў разам з ягоным братам Якубам. Святы Ян быў любімым вучнем Пана Езуса, сведкам Перамянення Пана і пакутаў у Садзе Аліўным. На Апошняй вячэры апостал Ян ляжаў на грудзях Збаўцы. Езус, паміраючы на крыжы, аддаў Яну ў апеку Сваю Маці. Падчас пераследу хрысціянаў апостала Яна ў кайданах прывялі ў Рым. За вернасць Хрысту яго асудзілі на смерць. Аднак, выпіўшы кубак з атручаным віном, апостал застаўся жывым.

Святы Ян напісаў Евангелле, тры апостальскія лісты і Апакаліпсіс. Згодна з прадказаннем Езуса Хрыста памёр натуральнай смерцю ў сталым узросце.

Пасля святой Імшы благаславенне духоўнага настаўніка атрымалі новыя кіраўнікі груп руху “Маці ў малітве” з Варапаева, Віцебска, іншых парафій.

Затым адбылася канферэнцыя, на якой ксёндз Антон разважаў над урыўкамі з Бібліі, прапанаванымі для разважання на гэтую сустрэчу з Францыі. Бо ў гэтыя дні ў розных кутках свету праходзілі такія сустрэчы матуль. Потым была традыцыйная малітва супольнасці. Прысутныя маці праслаўлялі Пана Бога і Марыю, прасілі аб спакоі ў свеце, маліліся за святароў, кансэкраваных асоб. Напрыканцы мамы, выцягнуўшы далоні, на якіх у думках трымалі сваіх дзяцей, давяралі іх Богу. А Ён ведае, што ім найбольш патрэбна.

Хвалюючы момант — дзяленне аплаткам. Колькі шчырых пажаданняў складалі жанчыны адна адной і святарам! Куратар суполак па Віцебскай дыяцэзіі Паліна Парфяновіч і кіраўнік суполкі Пастаўскай парафіі Францішка Каравацкая падзякавалі святарам і ўсім прысутным маці за сумесную малітву.

Сустрэча прадоўжылася за абедам, на які гасцей запрасілі гаспадары. Нефармальная атмасфера спрыяла новым знаёмствам і цікавым гутаркам. Там была магчымасць падзяліцца думкамі, уражаннямі, вопытам ад такіх супольных сустрэчаў.

—Важна, калі маці пасля малітвы, напоўненая Божай любоўю і спакоем, вяртаецца ў сваю сям’ю, нясе спакой сваім родным, — гаварыла мне адна з удзельніц сустрэчы. — Калі мяняецца маці, то мяняюцца дзеці, муж, мяняецца сітуацыя ў сям’і. Бог выслухоўвае малітву кожнай маці і з часам гэтая малітва прыносіць вялізны духоўны плён. Варта толькі маліцца з даверам, а таксама пакорна прымаць волю Богу.

Дыяцэзіяльная сустрэча руху “Маці ў малітве” ўмацавала яе ўдзельнікаў ў веры і стала відавочным прыкладам хрысціянскага адзінства.

Анна Анішкевіч
для друку для друку