У кляштар Mater Ecclesiae ў Ватыкане прыбылі манахіні-бенедыктынкі з Аргенціны. Рашэннем Яна Паўла ІІ гэтае месца стала малітоўным цэнтрам, пасля свайго сыходу Бэнэдыкт XVI жыў тут амаль дзесяць гадоў.
Цяпер, па волі Папы Францішка, манастыр вяртаецца да свайго першапачатковага прызначэння. Тут будуць маліцца сёстры з абацтва святой Схаластыкі ў Вікторыі, у правінцыі Буэнас-Айрэс.
Кляштар знаходзіцца ў самым цэнтры Ватыканскіх садоў. У ім пасяліліся шэсць аргенцінскіх законніц, якіх вітаў кардынал Фернанда Вергес Альсага. Як старшыня Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, ён адказвае за ўсе арганізацыйныя пытанні, звязаныя з кляштарам Mater Ecclesiae. Неўзабаве пасля прыбыцця бенедыктынкі накіраваліся для малітвы ў грот Лурдскай Маці Божай, які знаходзіцца недалёка ад іх новага дома.
Як паведаміў Святы Пасад, сёстры пасяліліся ў кляштары, “каб падтрымліваць Святога Айца ў яго штодзённым клопаце пра ўвесь Касцёл праз служэнне малітвы, адарацыі, праслаўлення і ўзнагароды, уяўляючы сабой малітоўную прысутнасць у цішыні і адзіноце”.
Першая супольнасць кляўзуровых манахінь была кананічна заснавана ў Ватыкане Янам Паўлам ІІ яго кароткім дакументам La vita contemplativa ад 25 сакавіка 1994 года.
Супольнасці сясцёр мяняліся кожныя некалькі гадоў. У інтэнцыі Папы маліліся кларыскі, кармэліткі босыя, бенедыктынкі і візіткі.
Бэнэдыкт XVI выказаў жаданне жыць у гэтым месцы пасля свайго гістарычнага сыходу 11 лютага 2013 года, таму правёў тут апошнія гады жыцця, падтрымліваючы супрацоўнікаў Святога Пасада і суправаджаючы Касцёл малітвай аж да сваёй смерці 31 снежня 2022 года.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!