Цуд у Фаціме? Да 16-гадовай удзельніцы СДМ раптоўна вярнуўся зрок

Ілюстрацыйнае фота

Старшыня епіскапату Іспаніі кардынал Хуан Хасэ Амела заявіў у нядзелю 6 жніўня, што размаўляў праз відэасувязь з 16-гадовай іспанскай дзяўчынай з Мадрыда па імені Хімена, якая сцвярджае, што падчас Сусветных дзён моладзі (СДМ) у Лісабоне да яе вярнуўся зрок.

— Дзякуй Богу! Пазней лекары вызначаць, ці можна вылечыць Хімену. Але для гэтай дзяўчыны гэта нешта вялікае, скажам так, цуд, — сказаў кардынал Амела на прэс-канферэнцыі па падвядзенні вынікаў удзелу іспанскай моладзі ў СДМ.

Старшыня іспанскага епіскапату паведаміў, што даведаўся пра падзею ад манахіні, якая ведае сям’ю дзяўчыны. Хімена прыбыла на СДМ у Лісабон з прэлатурай Opus Dei.

Па словах дзяўчыны ў інтэрв’ю Cope radio, яна больш за два гады амаль нічога не бачыла з-за блізарукасці, «усё было размыта». У яе засталося толькі 5 % зроку. Аднак у суботу пасля малітвы да Маці Божай Снежнай, апякункі СДМ, і прыняцці Святой Камуніі да яе раптоўна вярнуўся зрок, сцвярджае яна.

— Я сядзела ў лаўцы (у Фацімскім санктуарыі) і плакала, бо прасіла аб аздараўленні, а гэта быў апошні дзень навэнны да Маці Божай Снежнай, урачыстасць якой адзначаецца 5 жніўня. Калі я адкрыла вочы, раптам усё стала выразна, ідэальна, — распавяла яна ў распаўсюджаным аўдыёзапісе.

— Падчас СДМ прасілі маладых людзей маліцца аб маім аздараўленні, і сёння я бачу выдатна. Я не ведаю, як гэта растлумачыць, — сказала яна. «Я шчаслівая, гэта мой новы дзень нараджэння», — дадала яна.

Паводле deon.pl
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку