Арцыбіскуп Львоўскі: людзі стаміліся, наша надзея – у Богу

Арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі расказаў пра вялікую стомленасць украінцаў ад вайны і падкрэсліў ролю малітвы як крыніцы надзеі. Ён таксама адзначыў важнасць візіту папскага пасланніка арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера.

“На жаль, у гэты момант мы не бачым надзеі на заканчэнне вайны”, — сказаў арцыбіскуп Львоўскі ў інтэрв’ю Рабэрта Пальялонга з Італьянскай рэдакцыі “Vatican News”. Журналіст суправаджае падчас візіту ва Украіну арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера, папскага пасланніка на святкаванне 35-годдзя аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла лацінскага абраду ў гэтай краіне.

Арцыбіскуп Макшыцкі заўажыў, што ўкраінцы моцна стаміліся ад вайны, якая працягваецца ўжо амаль чатыры з паловай гады. Паводле яго, людзі губляюць надзею, бо кожная сям’я так ці інакш закранутая канфліктам: хтосьці ваюе, хтосьці страціў блізкіх, многія вымушаныя пакінуць свае дамы.

Нават у Львове, дзе няма пастаянных баёў, часта гучаць сігналы паветранай трывогі. Людзі павінны спускацца ў сховішчы, перарываюцца праца і заняткі ў школах. Аднак, паводле арцыбіскупа, людзі працягваюць хадзіць у касцёлы і маліцца, бо “сваю апошнюю надзею бачаць у Богу, які можа спыніць гэтую жудасную вайну”.

Па словах іерарха, Касцёл падтрымлівае людзей праз малітву і нагадвае словы святога Яна Паўла ІІ: “Не бойцеся. Нават у цяжкія часы з Хрыстом вы пераможаце”.

“І таму наша адзіная надзея – гэта малітва: людзі прыходзяць, моляцца. Кожны дзень пасля святой Імшы мы спяваем малітвы і праводзім малітоўныя сустрэчы, каб прасіць аб Божай міласэрнасці і міры для нашай краіны”, — дадаў арцыбіскуп Макшыцкі.

Іерарх падкрэсліў, што візіт арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера з’яўляецца знакам салідарнасці і падтрымкі з боку Святога Айца, а яго ўдзел у малітве ў нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Бярдзічаве павінен стаць момантам еднасці і просьбы аб міры. “Мы спадзяёмся, што гэты візіт, які таксама ўключае афіцыйныя сустрэчы з украінскімі ўладамі, прынясе плён міру ў нашай краіне”, — дадаў арцыбіскуп Макшыцкі.

Аляксандр Панчанка — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку