Падчас шпіталізацыі ў клініцы Джэмэлі Святы Айцец даручыў Дыкастэрыі па міласэрным служэнні накіраваць гуманітарную дапамогу ў рэгіёны Украіны, пацярпелыя ад разбурэння плаціны на Кахоўскай ГЭС.
Па даручэнні Пантыфіка груз сродкаў гігіены і кансерваў быў дастаўлены ў пункт збору гуманітарнай дапамогі пры рымскай грэка-каталіцкай базіліцы святой Сафіі. Адсюль мыйныя сродкі, падгузнікі і прадукты харчавання даставяць у Херсон «адважныя кіроўцы», як назваў іх прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні, кардынал Конрад Краеўскі.
«Нават знаходзячыся ў шпіталі Джэмэлі, — падкрэсліў іерарх, — Святы Айцец выказаў сваю блізкасць да насельніцтва Херсоншчыны, якое вельмі пакутуе”.
Апостальскі элемазінарый распавёў, што ад базіліцы святой Сафіі ў Рыме ва Украіну ўжо адпраўлена 106 фур гуманітарных грузаў. Па яго словах, на наступным тыдні новы грузавік з гуманітарным грузам, які складаецца ў асноўным з кансерваваных прадуктаў, адправіцца ва Украіну з Неапаля.
Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
