Папу Францішка выпісалі з бальніцы

Папа пакідае бальніцу імя Агасціна Джэмэлі ў Рыме

Раніцай 1 красавіка 2023 года Пантыфік быў выпісаны з рымскай клінікі імя Агасціна Джэмэлі, — паведаміў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні.

Перад тым, як пакінуць бальніцу, якая з’яўляецца структурай медыцынскага факультэта Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца, Папа Францішак прывітаў рэктара гэтай навучальнай установы Франка Анэлі і яго бліжэйшых супрацоўнікаў, а таксама Генеральнага дырэктара клінікі Марка Элефанці, Генеральнага касцёльнага асістэнта ўніверсітэта, мансеньёра Клаўдыё Джуліядоры, і медыкаў, якія дапамагалі яму ў гэтыя дні.

Пакідаючы тэрыторыю клінікі, Папа выйшаў з аўтамабіля, каб прывітаць людзей, якія чакалі яго на вуліцы. Ён абняў пару бацькоў, якія мінулай ноччу страцілі сваю дачку, памаліўшыся разам з імі, — паінфармаваў афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду.

Затым Пантыфік адправіўся ў рымскую базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе ў малітве перад абразом Маці Божай Salus Populi Romani даверыў апецы Багародзіцы ўсіх дзяцей, якіх сустрэў учора ў аддзяленні дзіцячай анкалогіі і нейрахірургіі, а таксама ўсіх хворых і тых, хто пакутуе ад страты сваіх блізкіх, — паінфармаваў афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду.

Святы Айцец знаходзіўся ў бальніцы імя Агасціна Джэмэлі з 29 сакавіка 2023 года з прычыны рэспіраторнай інфекцыі.

Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку