6 чэрвеня 2015 года ў Віцебску католікі ўрачыста адсвяткавалі Божае Цела. Па традыцыі ў парафіях свята адзначаюць у чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы, а ў суботу вернікі з розных куткоў дыяцэзіі з’язджаюцца ў Віцебск, каб прайсці ў эўхарыстычнай працэсіі.
Набажэнства пачалося св. Імшой у касцёле Езуса Міласэрнага. Усе душпастыры разам з Апостальскім Нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроці і са сваім біскупам Алегам Буткевічам канцэлебравалі Эўхарыстыю. Слова Божае прамовіў Апостальскі Нунцый. Іерарх нагадаў пра вялікую любоў Бога, якая праявілася ў Яго жаданні застацца з людзьмі у сакрамэнце свайго Цела і Крыві. А таксама арцыбіскуп засяродзіў сваю ўвагу на постаці святароў і нагадаў, што яны таксама з’яўляюцца грэшымі, як і кожны чалавек.
Пасля св. Імшы распачалася эўхарыстычная працэсія, якую суправаджаў духавы аркестр. Падчас шэсця вернікі затрымліваліся каля чатырох алтароў, дзе святары спявалі ўрывак з Евангелля і маліліся. Сярод удзельнікаў працэсіі можно было ўбачыць людзей рознай узроставай катэгорыі ад самых маленькіх да сталых вернікаў.
На заканчэнне працэсіі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці благаславіў усіх прысутных Найсвяцейшым Сакрамантам. Пасля благаслаўлення пробашч парафіі Святога Духа кс. Адам Квяткоўскі SDS запрасіў усіх на пачастунак.
Кожны год эўхарыстычная працэсія ў Віцебску збірае вернікаў з усёй дыяцэзіі. Вельмі радасна тое, што Хрыстус сёння патрэбны людзям.
Марына Сінкевіч, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!



































































































































