Святы Айцец адправіўся ў Казахстан. 13 верасня 2022 года ў 7.36 па сярэднееўрапейскім часе самалёт з Пантыфікам на борце вылецеў з рымскага аэрапорта Фьюмічына ў кірунку Нур-Султана.
Мэтай 38-га Апостальскага падарожжа Папы Францішка будзе ўдзел у VII З’ездзе лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій і сустрэча з мясцовай каталіцкай супольнасцю. За 6,5 гадзін палёту было пераадолена 5262 кіламетры над тэрыторыямі Італіі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Сербіі, Чарнагорыі, Балгарыі, Турцыі, Грузіі, Азербайджана і Казахстана.
Па прыбыцці і пасля прывітання Апостальскім нунцыем у Казахстане, арцыбіскупам Фрэнсісам Чулікатам, Папа праехаў у прыёмную залу аэрапорта, дзе яго чакаў прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў, прадстаўнікі ўладаў, а таксама каталіцкія біскупы, якія служаць у гэтай краіне: арцыбіскуп Томаш Пэта з Астаны, біскуп Хазэ Луіс Мумбіела Сьера з Алматы, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Цэнтральнай Азіі, а таксама айцец Васыль Гавэра, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Казахстане і Цэнтральнай Азіі. Дзеці ў традыцыйных строях уручылі Пантыфіку кветкі. У VIP-зале аэрапорта Папа правёў кароткую размову з кіраўніком дзяржавы.
Затым Святы Айцец накіраваўся на аўтамабіле ў Прэзідэнцкі палац у Нур-Султане, каб скласці візіт ветлівасці прэзідэнту і звярнуцца да прадстаўнікоў уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.
На наступны дзень Папа Францішак прыме ўдзел у адкрыцці VII З’езда лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій і правядзе святую Імшу. 15 верасня ён сустрэнецца з мясцовымі каталіцкімі біскупамі, духавенствам, кансэкраванымі асобамі і душпастырскімі работнікамі і звернецца да ўдзельнікаў міжрэлігійнага кангрэса з нагоды яго завяршэння.
За дзень да пачатку падарожжа, 12 верасня, Пантыфік здзейсніў традыцыйны прыватны візіт у рымскую базыліку Санта-Марыя-Маджорэ, дзе ў малітве перад абразом Маці Божай Salus Populi Romani даручыў сваю пілігрымку міру і надзеі Багародзіцы.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News
