У Ватыкане пачалі прышчапляць трэцяй дозай вакцыны

У Ватыкане распачаўся чарговы этап вакцынацыі ад каронавіруса, у рамках якога будзе ўводзіцца трэцяя доза вакцыны. Першы этап праходзіў са студзеня па чэрвень 2021 г.

“У другой палове кастрычніка Упраўленне аховы здароўя і гігіены Дзяржавы Ватыкан пачало прышчапляць трэцяй дозай вакцыны ад COVID-19, аддаючы прыярытэт людзям, старэйшым за шэсцьдзесят гадоў, і ўразлівым асобам”, — паведаміў, адказваючы на пытанне журналістаў, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы, Матэа Бруні.

Падчас першага этапу усеагульнай кампаніі па вакцынацыі дзве дозы вакцыны Biontech-Pfizer атрымалі не толькі Папа і яго папярэднік на пасадзе св. Пятра, ватыканскія іерархі, супрацоўнікі, пенсіянеры і іх блізкія, але таксама некалькі тысяч бедных і бяздомных.

Папа Францішак неаднаразова падкрэсліваў важнасць вакцынацыі. 18 жніўня 2021 г. ён запісаў спецыяльнае відэпасланне, у якім звярнуўся да ўсіх людзей ва ўсім свеце з просьбай зрабіць прышчэпку супраць каронавіруса, што дапаможа спыніць пандэмію.

Папа назваў жэстам любові саму вакцынацыю і дапамогу людзям у яе рэалізацыі. “Існуе грамадская і палітычная любоў, універсальная, заўсёды напоўненая малымі жэстамі асабістай любові, здольнымі змяніць і палепшыць грамадства”, — заўважыў ён.

“Вакцынацыя – гэта просты, але глыбокі спосаб прасоўвання агульнага дабра і клопату адно пра аднаго, асабліва пра найбольш уразлівых. Прашу Бога, каб кожны з нас унёс сваю пясчынку, свой маленькі жэст любові. Якім бы маленькім ён ні быў, любоў заўсёды вялікая. Паспрыяй гэтымі малымі жэстамі лепшай будучыні”, — заклікаў Папа Францішак у сваім відэапасланні.

Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку