“Хвала Хрысту! Адкажыце, калі ласка, як адкінуць страх перад споведдзю?” Алег
На пытанне адказвае кс. Кірыл Бардонаў:
– Цалкам натуральна, што чалавек баіцца паспавядацца. Мы не ідзём расказваць пра свае подзвігі, а зусім наадварот. Некаторыя ў гэтым страху заўважаюць дзеянне злога духа: спачатку злы дух спакушае чалавека, прывабліваючы яго да граху, а потым перашкаджае ў ім прызнацца.
Страх можа быць звязаны з асобай святара, якому мы плануем спавядацца. Варта памятаць, што мы спавядаемся Богу праз святара. Бог і так ведае нашыя грахі, і таму няма сэнсу іх утойваць.
Святары сутыкаюцца з вялікай колькасцю тых, хто прыступае да споведзі, і за часы сваёй паслугі пачулі многае і ад многіх. Таму няхай нікога не стрымлівае спакуса: а што пра мяне падумае ксёндз? Тым больш што святары не ідэальныя людзі і самі спавядаюцца.
Калі ў некага не атрымліваецца пераадолець бар’ер, каб паспавядацца ў нейкага канкрэтнага святара, то няхай пашукае іншага. Пенітэнт сам выбірае, у каго ён спавядаецца.
Аднак першая парада, якая прыходзіць на думку ў адказ на Вашае пытанне, – не адкладвайце споведзь і памятайце, што ў навяртанні няма лёгкіх дарог.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!