Ксёндз Павел Мазан быў пасвечаны месяц таму ў Пінску.
У гомельскую рымска-каталіцкую парафію Нараджэння Божай Маці прыбыў новы святар — 28-гадовы ксёндз Павел Мазан. Ён будзе служыць у касцёле вікарыем. Новапрэзбітэр быў пасвечаны крыху больш за месяц таму, 2 чэрвеня 2018 года. Нагадаем, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка высвеціў яго ў Пінскім катэдральным касцёле.
Ксёндз Павел — з горада Масты Гродзенскай вобласці. Яго родная парафія — Маці Божай Тройчы Цудоўнай. Спачатку малады чалавек навучаўся ў семінарыі ў Гродне, затым, пасля перапынку, у польскім Вроцлаве, і там сёлета скончыў навучанне.
Прыміцыйная святая Імша ксяндза Паўла ў Гомелі з індывідуальным благаслаўленнем праз ускладанне рук адбудзецца 15 ліпеня на першай нядзельнай Імшы (9.00).
Такім чынам, пакуль у Гомелі будуць служыць трое святароў: пробашч Юры Варанко і вікарыі Андрэй Багдановіч і Павел Мазан. Усе трое — беларусы.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!