Дарагія сябры!
За пяць гадоў існавання газеты назбіралася шмат цікавых момантаў, якімі б я хацеў падзяліцца з вамі. Юбілей – гэта заўсёды позірк у мінулае, асэнсаванне цяперашняга і надзея на будучыню. Спадзяюся, што той вопыт, які нам удалося набыць за пяць гадоў выдавецкай дзейнасці, дапаможа рэдакцыі працаваць больш плённа і аддана. Такім чынам, пачнём.
- Першы нумар “Каталіцкага Весніка” знаходзіцца ў Ватыкане. Я асабіста перадаў яго для Папы Бэнэдыкта XVI падчас сустрэчы з арцыбіскупам Клаўдыё Марыя Чэлі, старшынёй Папскай рады па сродках масавай камунікацыі. Гэта адбылося 13 мая 2011 года.
- Самы тыражны нумар газеты быў падпісаны ў друк 25 чэрвеня 2014 года. Колькасць экзэмпляраў – 4500 шт. Самы малаколькасны нумар – 2300 экзэмпляраў – быў падпісаны ў друк 19 мая 2011 года.
- Праца ў рэдакцыі у сувязі з дэдлайнам бывае і начной. Самы “начны” выпуск – гэта 14 нумар газеты ў 2012 годзе. Ён быў падпісаны ў друк ноччу а 2.40.
- За пяць гадоў працы колькасць супрацоўнікаў рэдакцыі значна вырасла. Над першым нумарам працавалі 6 чалавек, сярод якіх – адзін святар. На сённяшні дзень выпуск кожнага нумара “Каталіцкага Весніка” – гэта вынік працы 14 чалавек, сярод якіх – 6 святароў.
- Вырасла палоснасць газеты. Першы нумар вярстаўся як васьміпалоснае выданне напалову чорна-белае, напалову каляровае. Сёння ўсе нумары Весніка выходзяць ў колеры палоснасцю 16 старонак.
- У Віцебскай дыяцэзіі найбольш чытаюць Веснік, паводле дадзеных Белпошты, у Глыбокім, Паставах, Браславе, Докшыцах і Мёрах. У Гродзенскай – у Астраўцы, Ашмянах, Лідзе і Шчучыне, у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі – у Маладзечне, Мядзелі, Мінску і Стоўбцах.
- За пяць гадоў “Каталіцкі Веснік” падаражэў у 12 разоў. Першапачаткова падпісная цана на газету ў 2011 годзе была 750 руб. за адзін нумар. У другім паўгоддзі 2016 года падпісная цана будзе 9000 руб, або 90 капеек, калі ўлічваць дэнамінацыю нацыянальнай валюты.
- Журналісты “Каталіцкага Весніка”, выконваючы свае службовыя абавязкі, праехалі за 5 гадоў больш за 54 000 км, што перавышае даўжыню экватара нашай планеты. Дарэчы, даўжыня экватара – 40 000 км.
- Самыя далёкія пункты, адкуль даваліся рэпартажы, – гэта Партугалія, Італія, Украіна, Польшча, Латвія і Эстонія.
- Калектыў рэдакцыі “Каталіцкага Весніка” ўзнагароджаны Дыпломам за 1-е месца ў аглядзе-конкурсе па ўжыванні беларускай мовы сярод рэгіянальнага друку ў 2014 годзе. Узнагарода прысуджана Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны.
Успамінаючы пачатковы перыяд выхаду газеты, момант яе рэгістрацыі, хачу падзякаваць курыяльнаму юрысту спадарыні Валянціне Адамцовай. Ёй у 2011 годзе давялося перарваць сваё лячэнне ў санаторыі, каб паспець падрыхтаваць дакументы на рэгістрацыю ў Міністэрстве інфармацыі.
Хачу выказаць найвялікшую ўдзячнасць супрацоўнікам рэдакцыі за адданую працу. Асабліва хачу падкрэсліць працу святароў, якія, нягледзячы на душпастырскія абавязкі, знаходзяць час, каб падзяліцца Божым словам праз перыядычны друк.
Вялікая ўдзячнасць усім чытачам газеты за падпіску і падтрымку малітвай, а таксама ахвяраваннямі. Разам мы зможам многае! Давяраю ўвесь праект “Каталіцкага Весніка” добраму Богу і асаблівай апецы св. Францішка Сальскага, апекуна журналістаў.
Кс. Віктар Місевіч, галоўны рэдактар
