Паліцыя ў Рыме канфіскавала каля 3,5 тыс. падробленых пергаментаў з благаслаўленнем Папы Францішка. Па дадзеных італьянскіх СМІ, 14 снежня 2015 года іх прадавалі ў адной з сувенірных крам побач з базілікай св. Пятра, паведамляе Ватыканскае радыё.
На дакуменце з назвай “Бласлаўленне пілігрыма” без дазволу Ватыкана былі змешчаны гербы Пантыфіка і Дзяржавы Ватыкан і фатаграфія Папы Францішка. Агульны кошт гэтых незаконных “благаслаўленняў” склаў больш за 70 тыс. еўра.
Хоць пакупнікі павінны былі запоўніць форму, з якой вынікала, што аплата ідзе для Папскага элемазінарыя, арцыбіскупа Конрада Краеўскага, але дыкастэрыя, якую ён узначальвае, ніколі не атрымлівала грошы. Супраць уладальніка крамы быў вынесены пазоў з абвінавачаннем у вытворчасці і продажы фальсіфікаванай прадукцыі.
На працягу некаторага часу пергаменты з бласлаўленнем Папы ў адмысловых выпадках, напрыклад, хросту, шлюбу і юбілею, выдаюцца і размяркоўваюцца выключна Папскай элемазінарыяй. Да нядаўняга часу дазвол на распаўсюд дакументаў мелі некаторыя крамы ў непасрэднай блізкасці ад Ватыкана.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!