Гвінея-Бісаў: дачка імама склала першыя абяцанні як каталіцкая манахіня

27-гадовая Айча Сэтымія Кантэ, дачка імама з Гвінеі-Бісаў, склала першыя абяцанні як каталіцкая манахіня ў Кангрэгацыі сясцёр Божага Духа (CDS) 15 жніўня, у свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Цырымонію ў дыяцэзіі Бісаў узначаліў біскуп дыяцэзіі на пенсіі Хасэ Камнатэ на Бісін.

Маладая законніца апісала сваё пакліканне як адказ на Божы заклік і момант «радасці, хвалявання і глыбокай удзячнасці». «Перш за ўсё, я хачу падзякаваць Богу за тое, што Ён паклікаў мяне, абраў мяне і падтрымліваў мяне да гэтага часу», — сказала яна падчас цырымоніі.

Айча Кантэ паходзіць з мусульманскай сям’і з Сафіма. Яна была ахрышчана ў парафіі Маці Божай Міласэрнай у Фарыме, а сакрамант канфірмацыі атрымала ў парафіі Святой Ганны ў Мансоа. Пасля гэтага яна пачала сваё рэлігійнае выхаванне.

У сваёй гаміліі біскуп На Бісін заклікаў яе ставіцца да свайго паклікання як да місіі веры і служэння Богу і іншым. Ён падкрэсліў, што адказ на Божы заклік патрабуе рашучасці, шчодрасці і гатоўнасці служыць. Ён таксама звярнуў увагу на Марыю як узор поўнага адказу на Божае пакліканне.

Гэтая падзея выклікала хвалю абразлівых каментарыяў і нападак у сацыяльных сетках, звязаных з паходжаннем сястры законнай і яе рашэннем далучыцца да Каталіцкага Касцёла. Нацыянальная канфедэрацыя ісламскай моладзі ў Гвінеі-Бісаў асудзіла распальванне нянавісці і заклікала паважаць свабоду сумлення і веравызнання.

Арганізацыя падкрэсліла, што супраціўленне чыйму-небудзь рэлігійнаму выбару не апраўдвае абразу яго годнасці. Нацыянальная канфедэрацыя ісламскай моладзі заклікала мусульман, хрысціян і людзей іншых веравызнанняў жыць у «павазе, братэрстве і годнасці», разглядаючы гэтую сітуацыю як магчымасць для дыялогу, а не паглыблення падзелаў.

misyjne.pl
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку