26 верасня 2015 года ў парафіі Святога Язафата Кунцэвіча ў Канстанцінаве адбылася штогадовая адпустовая ўрачыстасць. Святы Язафат, апякун парафіі, сабраў на малітве шматлікіх вернікаў, у тым ліку з навакольных касцёлаў.
Урачыстую святую Імшу цэлебраваў кс. Віктар Місевіч разам са святарамі, прыбыўшымі на свята.
Гамілію прамовіў кс. Павел Самсонаў з Дунілавіч. Святар зазначыў, што стабільнасць — гэта добрая справа. “Кожны раз глядзім на гэтую постаць і захапляемся мужнасцю. Кунцэвіч паказаў нам магчымасць, каб мы былі адданымі Хрысту. Нам патрэбна засяродзіцца і паглядзець на сваю веру і жыццё”, — заклікаў кс. Павел – “Павінны захоўваць традыцыі, ушаноўваць святых, не здраджваць веру. Нам не трэба на кагосьці спадзявацца, што зменіцца штосьці ў жыцці. Мы павінны ўмацоўваць веру і перадаваць традыцыі, быць удзячнымі тым людзям, якія аддалі жыццё і пралілі кроў за веру”.
Святы Язафат з’яўляецца прыкладам умілавання Касцёла і захавання яго адзінства. Часта ў сваім жыцці святы паўтараў, што прагне памерці за еднасць Касцёла, за Апостальскую Сталіцу і ўмілаванне Святога Айца.
У часе св. Імшы да Эўхарыстычнага стала былі прынесены дары: Крыж, як знак цярпення і збаўлення, Біблія — кніга мудрасці, чырвоная тканіна, якая прыпамінае аб тым, што св. Язафат, прыняў мучаніцкую смерць і ахвяраваў сваё жыццё за адзінства Касцёла.
Варта адзначыць, што парафіяне падрыхтаваліся да адпустовай урачыстасці праз споведзь, вялікія чэргі да якой былі перад урачыстасцю. Шмат працы і старанняў уклалі ва ўпрыгожванне святыні кветкамі, каб такім чынам ушанаваць свайго апекуна.
На заканчэння святкавання адбылося ўшанаванне рэліквій святога.
Узгаданы Мучанік з’яўляецца галоўным апекуном Віцебскай дыяцэзіі.
Святы Язафат Кунцэвіч — маліся за нас!
Алёна Фянько, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!










































