5 кастрычніка адзначалася 255-годдзе з часу пабудовы і асвячэння парафіяльнага касцёла св. Юрыя, мучаніка, у Варнянах (Гродзенская дыяцэзія). Таксама ў гэты дзень парафія святкавала адпустовую ўрачыстасць у гонар Маці Божай Ружанцовай.
Касцёл у Варнянах быў пабудаваны з фундацыі Марыяны Абрамовіч і асвячаны біскупам Віленскім Тадэвушам Зянковічам у 1769 г. У 1880-1909 гг. быў рэканструяваны і дабудаваны. У 1948 г. савецкія ўлады забралі касцёл у вернікаў, некалькі гадоў у ім захоўвалася збожжа, пазней мінеральныя ўгнаенні. Святыня была вернута парафіі ў 1989 г., тады ж будынак быў адрамантаваны. Паўторнае асвячэнне здзейсніў 11 красавіка 1990 г. біскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Падзякаваць Богу за дар святыні сабраліся ў яе юбілей парафіяне, духавенства Астравецкага дэканату, шматлікія госці, у тым ліку прадстаўнікі мясцовай улады. Узначаліў святкаванні біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч.
Урачыстасць пачалася спектаклем, у якім была прадстаўлена багатая гісторыя Варнянаў, парафіі і яе святыні. Спектакль рыхтаваўся вялікай групай парафіян на чале з пробашчам кс. Віктарам Захарэўскім, які сыграў у ім ролю архітэктара касцёла.
Затым пробашч прывітаў удзельнікаў свята і прадставіў іх увазе звесткі з гісторыі: што парафіі ў Варнянах 562 гады; што першы, драўляны, касцёл пад тытулам Божага Цела быў там пабудаваны ў 1462 годзе Марыянай Сангайла; што ў 1769 годзе, калі быў пабудаваны цяперашні, мураваны касцёл, Марыяна Абрамовіч выказала просьбу аб наданні яму тытулу св. Юрыя ў гонар памерлага мужа Юрыя Абрамовіча, які распачаў будаўніцтва.
“Схіляем галовы перад усімі, хто меў дачыненне да стварэння касцёла, перад святарамі, якія ў розны час служылі тут вернікам, перад веліччу, святасцю, мудрасцю і гісторыяй нашай любай святыні, бо гэта месца, куды кожны з нас ішоў, ідзе і, упэўнены, будзе ісці па выратаванне сваёй душы”, – сказаў пробашч.
Па словах ксяндза Віктара, сцены святыні маглі б распавесці многае пра людзей, якія жылі ў Варнянах, пра падзеі, якія адбываліся вакол яе на працягу стагоддзяў.
На адпустовай Імшы, якую ўзначаліў біскуп Кашкевіч, асаблівым чынам маліліся за ўсіх будаўнікоў і ахвярадаўцаў варнянскага касцёла. Паколькі група вернікаў прыступіла на літургіі да сакрамэнту канфірмацыі, малітвай агарнулі таксама іх.
Біскуп, звяртаючыся да парафіян, заахвоціў іх нястомна дзякаваць Богу за тое, што на нашай зямлі ёсць святыні, якія служаць людзям як месцы сустрэчы з Ім. Іерарх дадаў, што ў святыні чалавек сустракаецца са Створцам і ўзгадвае пра сваё канчатковае прызначэнне.
У канцы Імшы парафіяне, якія прынялі сакрамэнт канфірмацыі, падзякавалі біскупу за яго ўдзяленне і паабяцалі клапаціцца, як іх продкі, аб сваім касцёле, а таксама аб супрацоўніцтве з Божай ласкай, каб заўсёды быць сведкамі Хрыста там, дзе знаходзяцца.
для друку