25 год таму ў Полацку быў асвечаны касцёл

18 верасня 2022 года з удзелам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча ў Полацку адзначылі 25-ую гадавіну пасвячэння касцёла. Падчас святой Імшы вернікі дзякавалі Богу за ўсе ласкі, якія атрымалі ў сценах роднай святыні, у Доме, у якім для Божых дзяцей ніколі не зачыняюцца дзверы.

Юбілей – гэта асаблівы дзень падзякі ўсім тым, хто прычыніўся да будаўніцтва Касцёла. Парафіяне памяталі ў сваіх малітвах і тых памерлых, хто ўзводзіў гэтыя сцены, прасілі Бога, каб прыняў іх у Сваё Валадарства.

Асаблівая малітоўная ўдзячнасць была скіравана сябрам з Фрыдрыхсхафена за вялікую дапамогу ў будаўніцтве полацкай святыні. Без дапамогі нашых братоў з горада-пабраціма цяжка сабе ўявіць, якім бы быў гэты храм. Тысячы кіламетраў, што раздзялялі нас сёння, не перашкаджалі нашым сэрцам яднацца ў малітве падчас урачыстай Імшы.

Словы ўдзячнасці скіравалі і нашаму пробашчу, ксяндзу Францішку, за яго ахвярную працу. За тое, што шмат гадоў нястомна, з вялікай ахвярнасцю, стараннем і айцоўскім клопатам нясе душпастырскае служэнне ў гэтай святыні. Ксёндз Францішак пабудаваў не толькі касцёл з каменю, але і Касцёл з нашых сэрцаў. З сэрцаў, якія штодня ён корміць Божым словам і Целам.

Напрыканцы Літургіі словы ўдзячнасці былі скіраваны біскупу Алегу, за тое, што ў свой час, непасрэдна дапамагаў у будаўніцтве святыні, а таксама за прысутнасць і малітву разам у такі значны дзень.

Па матэрыялах парафіяльных суполак у Facebook і Instagram

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі