2017 год для папы Францішка: візіты, сустрэчы, дакументы

Мінаючы год быў насычаны падзеямі з удзелам папы Францішка. Святы Айцец правёў 43 агульныя аўдыенцыі, 59 разоў сустракаўся з вернікамі на малітве Анёл Панскі, здзейсніў чатыры Апостальскія падарожжы, падчас якіх наведаў Егіпет, партугальскі санктуарый у Фаціме, Калумбію, М’янму і Бангладэш; пяць пастырскіх візітаў па гарадах Італіі – у Мілан, Капры, Мірандолу, Геную, Бодзала, Барбіяна, Чэзену і Балонню, а таксама ў чатыры парафіі Рымскай дыяцэзіі. 

У 2017 г. Пантыфік выдаў чатыры Апостальскія лісты ў форме “motu proprio”: аб перадачы спраў, якія датычаць санктуарыяў у кампетэнцыю Папскай рады па новай евангелізацыі; аб прызнанні “ахвяравання жыццём” у якасці падставы для распачацця беатыфікацыйнага і кананізацыйнага працэсаў, побач з ужо існуючымі мучаніцтвам і гераічнасцю цнотаў; аб перадачы асаблівай адказнасці мясцовым епіскапатам за пераклад літургічных кніг; аб рэарганізацыі Папскага інстытута Яна Паўла ІІ па даследаваннях сужэнства і сям’і.

Бягучы год Пантыфік пачаў сустрэчай з жыхарамі рэгіёнаў цэнтральнай часткі Італіі, якія пацярпелі ад землятрусаў летам і восенню 2016 г. 14 студзеня ён прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта Палестыны Махмуда Абаса, які затым удзельнічаў у адкрыцці пасольства гэтай дзяржавы пры Апостальскай Сталіцы.

У лютым Папа наведаў рымскі ўніверсітэт “Roma Tre”. Гэта быў першы візіт Францішка ў італьянскую дзяржаўную навучальную ўстанову. Затым, 26 лютага, ён наведаў рымскую англіканскую царкву Усіх Святых, стаўшы першым Пантыфікам, які перакрочыў парог гэтай святыні.

У сакавіку Папа прыняў у Ватыкане 27 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў Еўрапейскага саюза з нагоды 60-годдзя падпісання Рымскай Дамовы, якая дала пачатак інтэграцыі на кантыненце. Пасля пасхальных святаў, якія сёлета прайшлі ў красавіку, Пантыфік маліўся ў рымскім Санктуарыі Навамучанікаў у касцёле св. Барталамея.

У маі ў Ватыкане прайшло першае пленарнае пасяджэнне Сакратарыяту па камунікацыі. Удзельнікаў Папа заклікаў да глыбокіх пераменаў у сістэме камунікацыі Апостальскай Сталіцы. 24 мая ён прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, з якім абмеркаваў сітуацыю мігрантаў і крызіс на Блізкім Усходзе.

У чэрвені Францішак сустракаўся з членамі руху Каталіцкае харызматычнае абнаўленне, з нагоды яго 50-годдзя, Канцлерам Германіі Ангелай Меркель, Прэзідэнтам Італіі Сэрджа Матарэлам. Напрыканцы месяца ён узначаліў кансісторый па ўзвядзенні ў кардынальскую годнасць пяці іерархаў – прадстаўнікоў Іспаніі, Лаоса, Малі, Швецыі і Сальвадора.

Пасля летняга адпачынку, у кастрычніку, Францішак прымаў удзел у святкаванні 25-годдзя Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, падчас якога падкрэсліў важнасць пастаяннага паглыблення разумення Божага слова.

У лістападзе, які традыцыйна прысвечаны ўспаміну памерлых вернікаў, Францішак наведаў вайсковыя могілкі ў італьянскім Неттуна, дзе скіраваў заклік да міру ў свеце. Прымаючы на аўдыенцыі ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі па ядзерным разбраенні, якая прайшла 10 лістапада ў Ватыкане, Папа асудзіў гэты від зброі, які, паводле яго слоў, служыць толькі ўмацаванню страху і ўзаемнага недаверу на планеце.

11 лістапада Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі арцыбіскупа Габара Пінтэра, Апостальскага нунцыя ў Беларусі, з якім, між іншым, размаўляў аб перспектывах свайго візіту ў Беларусь. “Магу пацвердзіць, што гаворка ішла таксама і пра гэта. Мы шмат працуем, каб візіт адбыўся. Хачу папрасіць усіх маліцца ў гэтай інтэнцыі, бо сітуацыя яшчэ не зусім ідэальная, але мы спадзяемся, што хутка гэты момант наступіць. Усе гэтага жадаюць, мы ўсе гэтага жадаем”, — сказаў ватыканскі дыпламат пасля сустрэчы з Пантыфікам.

Ватыканскае радыё

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі