Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы – сусветная ініцыятыва, арганізаваная Папскім фондам “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”. Яе мэта – папулярызаваць ружанцовую малітву сярод дзяцей і іх бацькоў, аб’яднаць свет перад абліччам праблем і крызісаў, якія ён сёння перажывае.
Галоўная мэта гэтай малітоўнай кампаніі – паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа, як страла, ляцець проста да сэрца Бога і такім чынам змяняць свет. Таму ўявіце, якой моцнай будзе ружанцовая малітва, у якой дзеці будуць разам прасіць аб супакоі і згодзе ў іх сем’ях, народзе і ва ўсім свеце!
Малітоўная акцыя “Мільён дзяцей моліцца Ружанец” у Беларусі распачнецца 18 кастрычніка 2022г. у 18.00.
Адказныя асобы арганізоўваюць групы дзяцей і бацькоў у касцёлах ці катэхетычных залах дыяцэзій. Гэтыя групы яднаюцца анлайн і прымаюць непасрэдны ўдзел у малітве праз анлайн-трансляцыю мерапрыемства. Таму неабходна для поўнага ўдзелу ў акцыі падрыхтаваць камп’ютар і добрае інтэрнэт-злучэнне.
План мерапрыемства:
- Мінск — першая Балесная таямніца, спяваная малітва;
- Глыбокае (Віцебская дыяцэзія) — другая Балесная таямніца;
- Магілёў — трэцяя Балесная таямніца, спяваная малітва;
- Баранавічы (Пінская дыяцэзія) — чацвёртая Балесная таямніца;
- Гродна — пятая Балесная таямніца, спяваная малітва.
Галоўная трансляцыя малітоўнага чування будзе адбывацца з пляцоўкі Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра ў Мінску.
Як пісаў Папа Ян Павел ІІ у лісце “Rosarium Virginis Mariae”, “адкрыццё Ружанца азначае паглыбленне ў кантэмляцыю таямніцы Таго, хто «ёсць нашым спакоем», бо «абедзве часткі чалавецтва ўчыніў адзінствам, разбурыўшы мур, што стаіць пасярэдзіне, знішчыўшы варожасць» (Эф 2, 14). <…> Ружанец, кіруючы наш позірк на Хрыста, учыняе нас таксама будаўнікамі спакою ў свеце. Маючы характар пастаяннага, супольнага малення, згодна з Хрыстовым наказам, каб «маліцца заўсёды і не апускаць рук» (Лк 18, 1), Ружанец дазваляе мець надзею, што таксама сёння можна перамагчы ў такой цяжкай «барацьбе», якая вядзецца за мір.”
для друку