15 абяцанняў Маці Божай тым, хто шануе святы ружанец

Маці Божая асабіста навучыла святога Дамініка маліцца Ружанцам у 1208 годзе і сказала яму, каб ён распаўсюджваў адданасць малітве ружанца і выкарыстоўваў яе як магутную зброю супраць ворагаў праўдзівай веры.

Дамінік (Дамінга) дэ Гусман – святы іспанскі святар, які адправіўся на поўдзень Францыі, каб навярнуць ерэтыкоў-альбігойцаў (катараў), якія адлучыліся ад Касцёла. Дзякуючы пропаведзям, малітвам і ахвярам яму ўдалося навярнуць некаторых з іх. Але вельмі часта, з-за страху абсмейвання альбігойскай большасцю, многія навернутыя зноў адыходзілі ад веры. Святы Дамінік паклаў пачатак рэлігійнаму ордэну для навернутых маладых дзяўчат. Іх манастыр размяшчаўся ў Пруйле, побач з капліцай, прысвечанай Найсвяцейшай Панне. Менавіта ў гэтай капліцы святы Дамінік папрасіў Багародзіцу аб дапамозе, бо адчуваў, што не дасягнуў амаль нічога.

Дзева Маці прыходзіць на дапамогу святому Дамініку дэ Гусману

Дзева Марыя, трымаючы ў руцэ ружанец, з’явілася святому Дамініку ў капліцы і навучыла яго маліцца ім. Яна сказала, каб ён распаўсюджваў гэтую малітву па ўсім свеце, абяцаючы, што ў гэтым выпадку многія грэшнікі навярнуцца і атрымаюць багатыя ласкі. Святы Дамінік выйшаў з капліцы поўны стараннасці і з ружанцам у руках. Ён сапраўды стаў распаўсюджваць ружанец, заклікаючы маліцца ім, і здолеў вярнуць мноства альбігойцаў да каталіцкай веры. Нажаль, адносіны паміж альбігойцамі і хрысціянамі таксама былі звязаныя і з палітыкай, што ў выніку прывяло да вайны. Сымон дэ Манфор, камандуючы хрысціянскай арміяй і адначасова сябар святога Дамініка, папрасіў апошняга навучыць войска маліцца на ружанцы. Яны рабілі гэта з вялікай стараннасцю перад найважнейшай бітвай пры Мюры, у якой войскі ерэтыкоў шматкроць пераўзыходзілі сілы католікаў, але ў выніку былі разгромленыя. Сымон дэ Манфор лічыў гэтую перамогу сапраўдным цудам і вынікам ружанцовай малітвы. У знак сваёй удзячнасці, ён пабудаваў першую капліцу, прысвечаную Найсвяцейшай Панне Марыі Ружанцовай.

Абяцанні Дзевы Марыі тым, хто моліцца на ружанцы

Усё больш мужчын далучалася да Апостальскай справы святога Дамініка, і, з ухвалы Святога Айца, ён заснаваў Ордэн братоў-прапаведнікаў, больш вядомых як дамінікане. З вялікім запалам яны прапаведавалі і навучалі, і ўзрасталі плады іх прац — колькасць навернутых да Госпада павялічвалася. Па меры таго, як ордэн павялічваўся, супольнасці братоў-місіянераў з’яўляліся і ў іншых краінах на славу Бога і Багародзіцы. Ружанец заставаўся ўпадабанай малітвай вернікаў на працягу амаль двух стагоддзяў. Калі ж іх стараннасць пачала слабець, Дзева Марыя з’явілася бласлаўлёнаму Алану дэ Рупе (Алену дэ ла Рош) і сказала, каб ён адрадзіў адданасць гэтай малітве. Найсвяцейшая Панна таксама сказала, што для таго, каб запісаць усе цуды, якія здарыліся дзякуючы ружанцу, спатрэбяцца вялізныя тамы, і паўтарыла абяцанні дадзеныя святому Дамініку адносна ружанца.

Што ж абяцае Маці Божая нам, хто шануе святы ружанец і рэгулярна моліцца на ім?

  1. Кожнаму, хто будзе Мне верна служыць, молячыся на святым ружанцы, Я абяцаю Маю асаблівую апеку.
  2. Усім, хто будзе пабожна чытаць Мой ружанец, Я абяцаю асаблівыя Божыя ласкі.
  3. Ружанец з’яўляецца самай моцнай зброяй супраць пекла. Ружанец знішчыць заганы, выкараніць ерась, вылячыць ад грахоў.
  4. Расквітнеюць добрыя ўчынкі — ружанец выпрасіць міласэрнасць у Пана Бога для душаў, адверне чалавечыя сэрцы ад любові да зямнога і скіруе іх да любові да Бога і вечнасці. О, колькі душаў будуць асвечаныя гэтай малітвай!
  5. Душа, якая даручаецца мне праз ружанец, не загіне.
  6. Тыя, хто будзе пабожна чытаць святы ружанец, разважаючы пры гэтым над яго таямніцамі, не зведае няшчасцяў і Божага гневу, не памрэ раптоўнай смерцю, грэшнік зведае навяртанне, праведнік застанецца ў ласцы і дасягне жыцця вечнага.
  7. Шчырыя прыхільнікі Майго ружанца не памруць без святых сакрамантаў.
  8. Хто моліцца на Маім ружанцы, здабудзе пры жыцці і ў гадзіну канання святло і паўнату Божых дабротаў і будзе спрычынены да заслуг Святых.
  9. Штодня Я вызваляю з чысца душы, якія паважалі Мяне малітвамі святога ружанца.
  10. Сапраўдныя дзеці Майго ружанца дасягнуць вялікай славы на Небе.
  11. Тое, аб чым папросіце ў святым ружанцы — атрымаеце.
  12. Да тых, хто распаўсюджвае Мой ружанец, Я прыйду з дапамогай у любой патрэбе.
  13. Я атрымала ад свайго Сына запэўненне, што прыхільнікам Майго ружанца — і пры жыцці, і пры кананні — будуць братамі ўсё жыхары неба.
  14. Тыя, хто моліцца на Маім ружанцы, з’яўляюцца Маімі дзецьмі і братамі Езуса Хрыста — Майго Адзінароднага Сына.
  15. Шанаванне Майго ружанца — гэта вялікі знак прызначэння для Неба.

Паводле catholickemerovo.ru

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі