Нічога не патрабуе, за ўсё ўдзячная, аптымістычная, за ўсіх моліцца, пра ўсіх клапоціцца. «Я штодня малюся Ружанец за ўсіх людзей ва ўсім свеце», — распавядае пра свой рэцэпт даўгалецця сястра Іна Канабарро Лукас.
Ва ўзросце 116 гадоў яна з’яўляецца самым старым чалавекам на планеце. Сястра Іна стала самым старым чалавекам у свеце пасля таго, як 29 снежня 2024 года памерла японка Томіко Ітоока, якая была старэйшая за с. Іну на 16 дзён.
Даследчая група LongeviQuest, якая спецыялізуецца на складанні карт людзей старэйшых за 100 гадоў, пацвердзіла, што бразільская законніца з’яўляецца самым старым чалавекам у свеце. Зараз сястра Іна жыве ў Порту-Алегры, у доме састарэлых імя святога Энрыкі дэ Оссо, які знаходзіцца побач з правінцыяльным домам сясцёр тэрэзіянак. Гэта манаская супольнасць, у якую сястра ўступіла ў 19 гадоў. Было гэта амаль стагоддзе таму — у 1927 годзе.
Як кажа дырэктар дома сястра Люсія Інэс Бассотто, сястра Іна заўсёды засяроджана на іншых, а не на сабе. «Яна нічога не патрабуе, за ўсё ўдзячная, адрозніваецца аптымізмам, з вялікай павагай ставіцца да супольнасці, за ўсіх моліцца, пра ўсіх клапоціцца», — адзначае дырэктар. «Яе жыццё сапраўды вартае пераймання», — падкрэслівае сястра Люсія Інэс.
Яшчэ адна рыса с. Іны — яна заўсёды старалася быць актыўнай. Яна і далей працягвае ўдзельнічаць у супольных малітвах, любіць гуляць у садзе і бавіць час разам з сёстрамі. Нягледзячы на тое, што за апошнія тыдні стан яе здароўя крыху пагоршыўся, у тыя дні, калі яна адчувае сябе добра, сястра Іна вельмі гаваркая і вясёлая. Да нядаўняга часу яна яшчэ малявала на сурвэтках, а таксама гуляла ў карты.
Іна Канабарро Лукас нарадзілася 27 мая 1908 года ў муніцыпалітэце Сан-Франсіску-дэ-Асіс, што знаходзіцца ва ўнутраных раёнах штата Рыа-Грандэ-ду-Сул, была перадапошняй з сямі братоў і сясцёр. Яна з’яўляецца праўнучкай генерала Давіда Канабарро, аднаго з галоўных кіраўнікоў паўстання Фаррапос (1835-1845) у Рыа-Грандэ-ду-Сул.
Калі Іна была яшчэ маленькай, адзін з яе братоў прапанаваў ёй пайсці ў манастыр. Дзяўчына спытала: «А хто такія манашкі?» Маці адказала, што гэта жанчыны, якія прысвяцілі сябе малітве Богу, а Іна сказала: «Я буду манашкай». У дзяцінстве, мініяцюрная і вельмі худая, яна вучылася ў школе-інтэрнаце пры кляштары, а ў 19 гадоў паступіла ў навіцыят сясцёр тэрэзіянак у Мантэвідэа (Уругвай). У 1930 г. вярнулася на радзіму і шмат гадоў працавала настаўніцай у тэрэзіянскіх школах.
Сястра Іна выкладала партугальскую мову, матэматыку, навуку, гісторыю, мастацтва і рэлігію. Па словах яе пляменніка, яна была «строгай, дысцыплінаванай і добрай настаўніцай, якую ўсе любілі». Яна таксама стварала школьныя аркестры і напісала гімн школы Святой Тэрэзы ў Сантана-ду-Ліврамента.
Вялікі (115 інструментаў) школьны аркестр пад яе кіраўніцтвам выступаў у Бразіліі, Уругваі, Аргенціне. За больш чым 100-гадовае жыццё сястра Іна пабачыла шмат змен у свеце і Касцёле. Яна перажыла дзве сусветныя вайны і дзесяць пап.
Даўгалецце сястры Іны тлумачыцца яе духоўнасцю, сказаў Клебер, бо «яна заўсёды была маленькай манашкай, якая шмат малілася» – Яна ўсё сваё жыццё прысвяціла малітве. Пляменнік доўгажыхаркі прыгадаў і іншыя яе рысы: «яе добразычлівасць, жаданне заўсёды рабіць дабро іншым, уласцівы добры настрой, яе аптымізм і жыццёвую рашучасць».
Сястра Тэрэзінья дэ Арагон, якая ведае сястру Іну з дзяцінства, падкрэслівае яе вялікае сэрца да людзей. «Колькі б ім ні было гадоў, яна заўсёды ставіцца да іх з вялікай любоўю і пяшчотай. «Яна чалавек, які любіць, па-сапраўднаму любіць», — кажа сястра Тэрэзінья.
Многія з сясцёр, якія зараз жывуць у правінцыяльным доме ў Порту-Алегры, у маладосці былі вучаніцамі сястры Іны. Яны адзначаюць, што менавіта с. Іна дапамагла ім адкрыць сваё пакліканне. Гэта выпадак 83-гадовай сястры Вельміры Пятроўскай. Яна з польскай сям’і, але нарадзілася ў Іраі. У 1961 г. гэты горад наведала сястра Іна. Вельміра ўспамінае, што калі яна ўбачыла манахіню ў чорным габіце, то пачула голас, які сказаў ёй: «Ты будзеш такой».
Сястра Іна — адна з нямногіх законніц у сваёй супольнасці, якія працягваюць насіць габіт. З Другога Ватыканскага Сабору гэта не было абавязковым; кожная сястра можа сама гэта вырашыць. Паколькі сястра Іна ўжо не ў поўнай меры здольная прымаць рашэнні, а габіт заўсёды насіла, было вырашана працягваць апранаць яе ў гэтае манаскае адзенне, бо менавіта так яна бачыла сябе манашкай.
«Я адчуваю сябе шчаслівай, удзячнай Богу, што Ён павёў мяне па гэтым шлях, і што цяпер я магу быць ёй карыснай, дапамагаць ёй у тыя хвіліны, калі я ёй патрэбная», — сказала с. Вельміра, якая з’яўляецца медсястрой і даглядае за сваёй былой настаўніцай, якая зараз — самы стары чалавек у свеце.
Ва ўзросце 113 гадоў, 2 студзеня 2022 г., с. Іна стала найстарэйшай кансэкраванай асобай у Бразіліі, а ў ліпені таго ж года — найстарэйшай ва ўсёй Лацінскай і Паўднёвай Амерыцы. У снежні яна ўвайшла ў спіс 100 найстарэйшых людзей у гісторыі. Пасля смерці с. Люсіль Андрэ Рандон с. Іна стала найстарэйшай законніцай у свеце. У лютым 2024 года яна стала трэцім пацверджаным доўгажыхаром у свеце.
credo.pro
пераклад Марыны Ткач
