У Росіцы прайшло свята сем’яў

Падзея адбылася ў суботу, 12 мая. На ўрачыстасць прыбылі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, ксёндз Вячаслаў Пялінак з Ідолты, а. Вадзім Мізер з Оршы, а таксама шматлікія пілігрымы, большасць з якіх маладыя сем’і з маленькімі дзеткамі, з Глыбокага, Паставаў, Шаркаўшчыны, Браслава, Верхнядзвінска, Полацка, Віцебска, Мінска і іншых гарадоў і вёсак.

Ужо з самай раніцы ў Росіцы адчувалася свята. Гэта было бачна і па надвор’і, і па настрою людзей.

Малітва распачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманта, падчас якой разважанні і ружанцовую малітву правялі члены руху “Маці ў малітве”. У гэты час вялікая колькасць пілігрымаў скарысталіся з сакраманту пакаяння ў канфесіянале.

На пачатку св. Імшы пробашч парафіі ў Росіцы айцец Чэслаў Курэчка шчыра прывітаў гасцей і звярнуў увагу на цудоўнае надвор’е, якое ўсталявалася ў апошнія дні, на абуджэнне прыроды, якое зараз адбываецца, таму якраз зараз самы час, каб адзначыць сямейнае свята.

Біскуп Алег у сваім прывітальным слове заклікаў усіх вернікаў адчуваць сябе тут у Росіцы членамі адной вялікай сям’і. Ён адзначыў, што падчас Імшы будзе маліцца за кожную хрысціянскую сям’ю, за тое, каб у Беларусі яны былі моцнымі і заклікаў усіх вернікаў маліцца ў гэтай інтэнцыі.

Тэму сям’і іерарх развіў і ў сваёй гаміліі. На яе пачатку ён падзякаваў ксяндзу Чэславу і Пану Богу за магчымасць сабрацца ў гэтым прыгожым месцы. Дзеля прыгажосці гэтага месца сюды варта прыязджаць, бо праз гэту прыгажосць Бог і хоча нас прыцягнуць да сябе. Таму невыпадкова мы сабраліся тут маліцца за сям’ю — галоўную супольнасць нашага грамадства.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што зразумець сям’ю, як і кожнага асобнага чалавека, немагчыма без Бога. Сям’я з’яўляецца тым месцам, дзе чалавек пачынае свой шлях у гэтым свеце менавіта як чалавек. Ідэі сям’і былі закладзеныя Творцам яшчэ ад пачатку стварэння свету. Ужо напачатку кнігі Быцця сказана, што сям’я — гэта супольнасць мужчыны і жанчыны.

Зараз, на жаль, шмат людзей сутыкаюцца з крызісам сям’і. І наша задача як хрысціянаў — уратаваць сем’і ад гэтага духоўнага і маральнага крызісу, што пашыраецца ў сучасным свеце.

Біскуп Алег заклікаў звярнуць увагу на дзве рэчы. Першая рэч — гэта прыгажосць гэтага месца, якая павінна нагадваць нам аб прыгажосці сям’і, адносін паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі. Гэта прыгажосць павінна быць не толькі знешняя, што таксама важна, але ў першую чаргу важна прыгажосць нашых сэрцаў. Бо менавіта праз адносіны пазнаецца прыгажосць нашых сэрцаў і душаў.

Другая рэч — гэта праяўленне любові, любові да самага канца. У якасці прыкладу іерарх прывёў подзвіг росіцкіх пакутнікаў Антонія і Юрыя, якія прынялі Божую волю і пайшлі разам са сваімі вернікамі ў агонь, хаця і мелі магчымасць выратаваць сваё жыццё.

Як вучыць нас Езус Хрыстус у Святым Пісанні, няма большай любові за тую, калі чалавек аддае сваё жыццё за іншага чалавека. Зразумець гэты прынцып можна толькі дзякуючы веры. Таму пачынаць сям’ю трэба з алтара і ўсё жыццё прасіць Божай дапамогі. Будаваць сям’ю толькі на сваіх пачуццях мала, звычайна іх хапае на гады два — тры.

Чаму сёння сям’я слабая? Бо чалавек ставіць свае асабістыя інтарэсы і пачуцці вышэй за інтарэсы іншага. А сям’я — гэта ў першую чаргу ўменне зразумець і прабачыць іншага чалавека. І ў гэтым нам дапамагае вера.

У якасці прыкладу ён прывёў Святую Сям’ю — Марыю і Юзафа. Ім таксама было нялёгка, але яны прынялі Божую волю і да канца засталіся ёй вернымі.

“Таму няхай сённяшняя сустрэча напоўніць нас надзеяй, — адзначыў ардынарый. — Хай прыклад росіцкіх мучанікаў будзе нам у гэтым падтрымкай. Каб мы заставаліся вучнямі Езуса Хрыста, каб былі яго прыгожымі і радаснымі дзецьмі.”

Пасля заканчэння святой Імшы адбылася канферэнцыя на тэму сям’і. Яе правёў ксёндз Вячаслаў Пялінак. Ён звярнуў увагу на важнасць прабачэння ў нашым жыцці. Святар узгадаў прыклад росіцкіх пакутнікаў Антонія і Юрыя, якія пайшлі разам са сваімі вернікамі ў агонь, але перад гэтым прабачылі сваім катам.

У мінулым стагоддзі, якое лічыцца самым цывілізаваным, у свеце адбыліся дзве найбольш жорсткія і крывавыя войны. І нам здаецца, што мы лепшыя, што мы так не зробім. Але апошнія падзеі, у тым ліку і ва Украіне, паказваюць, што ад любові да нянавісці адзін крок, і што сучасны чалавек таксама можа забіваць. І толькі моцная вера можа дапамагчы нам не згубіць чалавечае аблічча.

Ксёндз Вячаслаў заклікаў да прабачэння і ў сямейных адносінах, параіў мужу і жонцы, бацькам і дзецям, часцей бываць разам, асабліва гэта тычыцца адпачынку. І тады сям’я будзе па сапраўднаму моцнай. Бо сям’я — гэта ў першую чаргу прабачэнне.

Святар прыгадаў таксама той момант, калі ён працаваў у Росіцы, і да яго быў прыехаў айцец Чэслаў. Калі ён сказаў яму, што прыйдзе час, і ён патрапіць працаваць на гэту зямлю, айцец Чэслаў адказаў, што ніколі, нават жартам запусціў у яго памідорынай. Але так здарылася, што ён служыць у Росіцы ўжо больш за дзесяць гадоў і шмат зрабіў для прыгажосці гэтага месца.

А напрыканцы ўрачыстасці вернікі з Мінска падаравалі айцу Чэславу саджанцы рададэндранаў.

Потым адбылася малітва за сем’і, пасля якой біскуп асабіста ўдзяліў блаславеннне кожнай сям’і.

А закончылася ўрачыстасць смачным пачастункам у летняй кавярні “У бусла”, так святар называе пляцоўку каля касцёла, дзе непадалёк знаходзіцца буслінае гняздо.

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку