Хэштэг #ddn2017: фестываль хрысціянскай музыкі прайшоў у Баранавічах

11 лютага ў Баранавічах у шосты раз прайшоў фестываль хрысціянскай музыкі «Дастукацца да нябёсаў». Тэмай сёлетняга фэсту былі абраны словы «Каб усе былі адно».

Кс. Андрэй Рылка, рэктар духоўнай семінарыі ў Пінску, на самым пачатку прывітаў усіх прысутных гледачоў, слухачоў і выступоўцаў: “Гэта фестываль хрысціянскай музыкі, і таму кожным спевам, танцам, усмешкай кожны з нас будзе праслаўляць Бога”. А каб у гэты вечар моладзь змагла «дастукацца да нябёсаў» адбылася супольная малітва.

На фестываль прыбылі маладыя людзі разам са сваімі святарамі і законнымі сёстрамі з Баранавіч і Ляхавіч, Брэста і Мінска, Ліды і Новай Мышы, Пінска, Гродна і Воранава. Прадстаўнікі з Віцебскай дыяцэзіі таксама прыехалі на музычны фэст. Гэта была моладзь з Глыбокага. На пытанне вядучага «Хто ўпершыню прыбыў на фестываль?», больш паловы прысутных паднялі руку, а гэта значыць што марафон хрысціянскай музыкі развіваецца і набірае сваю моц.

«Ave» і «Подых духа» – гурты Вышэйшых духоўных семінарый ў Гродне і Пінску, моладзевы рух «Open» з Гродна і мінскі салезіянскі гурт «Небасхіл», евангелізацыйныя праекты «Рыбы» і «Step Project» — на працягу чатырох гадзін запальвалі сваімі спевамі, танцамі, харызмай агеньчыкі ў сэрцы кожнага, хто прыбыў на гэты фестываль.

Трэба адзначыць, што ўпершыню аховай парадку займаліся скаўты з Гомеля і Івянца.

На заканчэнне музычнага хрысціянскага фэсту адна з удзельніц праекта «Рыбы» Алена Кот звярнулася да маладых хрысціянаў: “Давайце выходзіць са сваёй зоны камфорту, рабіць нешта разам і несці гэта ў свет. Бо будучыня залежыць ад нас. Нясіце святло гэта праз сацыяльныя сеткі: “рэпосты”, “лайкі” і хэштэгі. Давайце ствараць хрысціянскую платформу разам, каб мы былі з’яднаныя віртуальна, бо цяпер ХХІ стагоддзе і свет гэтага ад нас патрабуе.”

Адным з цікавых момантаў стала тое, што сярод слухачоў была прысутная дзяўчына з Бразіліі.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

Ад рэд. Больш фота з музычнага фэсту можна паглядзець у сацыяльных сетках: запісы з хэштэгамі #ddn2017 і #дастукаццаданябёсаў

для друку для друку