Біскуп Алег Буткевіч 2 лістапада наведаў не толькі грамадскія могілкі ў Копцях каля Віцебска, дзе адправіў св. Імшу за памерлых. Ён таксама разам з іншымі каталіцкімі святарамі і вернікамі наведаў урочышча Хайсы, дзе ў 30-я гады мінулага стагоддзя НКВД праводзіў масавыя расстрэлы людзей.
Біскуп Алег падкрэсліў важнасць таго, што сёння неабходна не толькі памятаць пра ахвяраў, але і рабіць пэўныя высновы ў сваім жыцці, дбаючы пра сумленнае жыццё і маральныя каштоўнасці. Пастыр Віцебскай дыяцэзіі падзякаваў спадару Яну Дзяржаўцаву, намаганнямі якога паўстаў народны мемарыял у Хайсах.
Пасля малітвы ва ўрочышчы Хайсы біскуп Алег разам з іншымі святарамі-прадстаўнікамі Курыі: кс. Віктарам Місевічам, канцлерам дыяцэзіі, і кс. Аляксеем Ляшко, афіцыялам біскупскага Суда, наведаў месца расстрэлу людзей падчас ІІ Сусветнай вайны па вул. Цітова. Іерарх памаліўся каля мемарыяла і асвяціў навакольны пляц святой вадой, дзе нашлі спачын сто тысяч ахвяраў фашысцкага канцлагера.
Каталіцкі Касцёл у сваіх малітвах памятае аб усіх людзях, якія сталі ахвярамі крывавай расправы ці то з боку савецкага НКВД, ці то з боку нацыстаў. Наш святы доўг клапаціцца аб месцах пахаванняў і ахінаць малітвай бязвінных ахвяраў.
Вечны адпачынак дай ім, Пане…
Кс. Віктар Місевіч
