Святы Пасхальны Трыдуум у Лепельскай парафіі (+відэазапіс трансляцыі)

2 красавіка 2026 года ў парафіі Святога Казіміра стаў часам асаблівай духоўнай глыбіні, калі сэрцы вернікаў адкрыліся перад веліччу Вялікага чацвярга – дня, што распачынае Святы Пасхальны Трыдуум і вядзе чалавека да самых першых хвілін хрысціянскай гісторыі.

Вернікі сабраліся тут, каб разам перажыць успамін пра апошнюю вячэру Пана. На Імшы уздымалася і думка пра святарства – пра тых, каму Збаўца даручыў працягваць Яго місію ў свеце, сказаўшы: «Рабіце гэта на Маю памяць».

Асабліва кранальна ў гэты вечар гучала малітва ля абраза “Тайная вячэра”, створанага мясцовым мастаком Аляксандрам Саўчанкам. Лепельскія вернікі моўчкі дзякавалі ксяндзу Уладзіміру за ціхую, няпростую, але такую неабходную службу, за яго вернасць, самаадданасць і духоўную апеку.

Калі прыйшла Вялікая пятніца, 3 красавіка, Лепель ахутала задуменнасць, нібы сам горад апусціў вочы. У святыні панавала суровая ўрачыстасць і спакой, поўны вялікай, нямой драматычнасці.

Цэнтральнай падзеяй гэтага вечара стала Адарацыя Святога Крыжа. Старыя падыходзілі, больш маладзейшыя на каленях адароўвалі светлае дрэва, якое стала сімвалам збаўлення ўсяго чалавецтва. Ціхі шоргат каленак па кіліму, ледзь чутнае дыханне, сур’ёзныя твары. У гэты момант маўчаў свет, бо ён глядзеў на Крыж. І ў кожным дакрананні было нешта большае, чым вонкавае дзеянне: гэта была асабістая размова душы з Богам пра шкадаванне, удзячнасць і надзею.

Раніца вясновага дня 5 красавіка над Лепелем узнялася асабліва чыстай і празрыстай, нібы само неба апранулася ў святочны белы строй. І раптам электразваны касцёла прарвалі цішыню пераможнай, жыццядайнай песняй. Іх звон разнёсся над горадам, над людзьмі, над зямлёй, нібы вестка з самога неба: цемра адступіла, жыццё перамагло, Хрыстос уваскрос! Настала доўгачаканая Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана – галоўнае і самае светлае свята хрысціянскага календара.

Пасля суровых дзён посту, маўчання і глыбокіх разважанняў над Мукай Хрыста лепельская святыня зноў раскрылася перад людзьмі, як жывая кветка перад сонцам. Яна напоўнілася радасцю, водарам і зіхатлівым святлом. Нарадзілася спяваючая радасць.

Асаблівасць Пасхальнай Вігіліі надаў сам біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў святочную літургію. Яго прысутнасць стала знакам еднасці і глыбокай пашаны да гэтай вялікай падзеі. Пад яго малітоўным кіраўніцтвам лепельская святыня нібы напоўнілася яшчэ большым святлом, а кожнае слова і кожны абрад набывалі асаблівую вагу, дапамагаючы вернікам глыбей перажыць таямніцу Уваскрасення Хрыста.

Урачыстасць і прыгажосць лепельскай Вігіліі сёлета набылі асаблівы маштаб і вагу – святую Імшу здымала Тэлерадыёкампанія «Віцебск». Прысутнасць камер аніводным чынам не парушыла сакральнасці і глыбіні малітвы, але дазволіла захаваць гэтыя дасканалыя хвіліны для гісторыі. Дзякуючы працы тэлевізіёншчыкаў, цеплыня лепельскага касцёла, шчырыя твары вернікаў і глыбокія словы літургіі разляцеліся далёка за межы горада, несучы вестку пра Уваскрасенне тысячам гледачоў па ўсёй Віцебскай вобласці і нашай краіне.

Наступіў Вялікдзень. Час жыць, час любіць, час верыць у цуд. Бо гучнае лепельскае велікоднае «Аллелюя!» дасягнула сёлета не толькі ўсіх закуткоў Віцебскай вобласці і многіх сэрцаў вернікаў па ўсёй нашай краіне, але і найвышэйшых нябёсаў.

Алег Шушкевіч

для друку для друку