Анёлы і «Рыбы» зладзілі Андрэйкі ў Глыбокім (+відэа)

glybokae_andrejki51Андрэйкі – вясёлая забава перад Адвэнтам. Гэты час заўсёды вельмі любімы дзецьмі і моладдзю. У глыбоцкай парафіі такія «запусты» сталі традыцыяй. Але тое, што адбылося 28 лістапада, запомніцца ўсім удзельнікам на доўгі час.

У апошнюю суботу перад Адвэнтам у Глыбокім сабралася разам са сваімі святарамі і законнымі сёстрамі моладзь з Паставаў, Браслава, Мёраў, Чарневічаў, Канстанцінава, Удзела, Празарокаў, ну і самі глыбачане. Для такога незвычайнага мерапрыемства гасцінна расчыніў свае дзверы Гарадскі Дом культуры, які змясціў больш за 130 прысутных.

На самым пачатку арганізатар Андрэек, пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім кс. Мікалай Ціхановіч распавёў «Каталіцкаму Весніку»: «Інвестыцыя ў моладзь – гэта адзін з прыярытэтаў сучаснага Касцёла, таму што моладзь — гэта будучыня касцёла і нашай краіны. Я хацеў бы, каб праз гэтую музычна-евангелізацыйную вечарыну мы паказалі ўсім, што Касцёл жывы, з рознымі пакаленнямі, дзе кожны мае сваё месца ў касцёле. Маладыя людзі – гэта павеў свежага духа, які вельмі патрэбны сучаснаму Касцёлу».

У дзвярах вялікай залы гасцей віталі анёлы. Калі ж усе сабраліся, распачалася вечарына: гульні і забавы, спевы і танцы. Анёлы сапраўды спусціліся ў Глыбокім і не давалі нікому ў гэты вечар сумаваць.

glybokae_andrejki01

glybokae_andrejki12

«Каталіцкаму Весніку» пра сваю дзейнасць распавяла анёл Насця: «Мы, моладзь Аазіса, прыехалі з Мінску, каб разам правесці час з моладдзю Віцебскай дыяцэзіі. У нас ёсць свая каманда, якая дзеліцца з іншымі маладымі людзьмі верай, Хрыстом. Мы хочам несці жывога Хрыста іншай моладзі і разам творча развівацца, таму што хрысціянства – гэта не сумная рэлігія, гэта рэлігія маладых».

glybokae_andrejki51

Пасля творча-актыўнай часткі моладзь запрасілі падсілкавацца, а пасля ўсе накіраваліся ў канцэртную залу, дзе іх чакаў канцэрт евангелізацыйнага праекта «Рыбы».

Са сцэны да прысутных звярнуўся кс. Мікалай Ціхановіч: «Беларускі касцёл малады. Моладзь — вы жывы касцёл. Вельмі важна, каб у вашых сэрцах адрадзілася любоў да касцёла. Рэлігія і малітва – гэта не справа бабулек, а сапраўды справа маладых людзей, каб вы змянілі будучыню і змаглі прынесці добры плён. Мы павінны самі напаўняцца Божым духам».

glybokae_andrejki52

Хлопцы і дзяўчаты не маглі сядзець на сваіх месцах, устаўшы і ўзняўшы рукі ў горы, яны спевам і танцам праслаўлялі Хрыста. Евангелізацыя праз спеў і музыку вельмі важна для сучаснай моладзі, а «хто спявае, той двойчы моліцца» — яшчэ здаўна сказаў св. Аўгустын.

glybokae_andrejki70

glybokae_andrejki79

Сваімі ўражаннямі ад мерапрыемства падзялілася моладзь:

Таццяна Працук з Глыбокага: «Цікава і незвычайна прайшлі Андрэйкі ў глыбоцкай парафіі. Дзе яшчэ можна было сустрэць столькі анёлаў адначасова? Дзе можна было б паўдзельнічаць у вясёлых конкурсах і патанчыць? А атрымаць асалоду ад выдатнай музыкі, якой праслаўлялі Хрыста, у выкананні гурта «Рыбы»? Ды і дзе яшчэ ў гэты дзень можна было сустрэць столькі пазітыўных і радасных людзей? Вось менавіта — на Андрэйках у Глыбокім!»

Ян Бука з Браслава: «Такія сустрэчы, як Андрэйкі ў Глыбокім, для мяне з’яўляюцца вельмі важнымі. Дзякуючы ім, у мяне з’яўляюцца новыя сябры ў розных мясцінах. Сустракаюся з былымі сябрамі і, што самае галоўнае, набліжаюся на адзін крок да Бога! Усе забавы падрыхтавалі для нас хлопцы і дзяўчаты з Аазісаа і глыбоцкая парафія, а наблізіцца да Хрыста праз спеў нам дапамог музычны гурт «Рыбы», за што ім вялікі дзякуй!!!»

Пасля канцэрту ўдзельнікаў «запустаў» чакала дыскатэка, падчас якой парафіяльная моладзь з Мёраў зладзіла танцавальны флэш-моб.

glybokae_andrejki96

Марына Сінкевіч, тэкст і фота
кс. Віктар Місевіч, відэа

для друку для друку