Зварот Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, разам з нашымі вернікамі глыбока заклапочаныя тым, што працяглы палітычны канфлікт паміж Расіяй і Украінай перайшоў у фазу вайны. У выніку гінуць людзі, разбураюцца гарады, населеныя пункты і інфраструктура, сотні тысяч бежанцаў вымушаны шукаць прытулку на чужыне.

Вайна — гэта злачынства супраць Бога і чалавека, якое заслугоўвае рашучага і неадкладнага асуджэння (пар. Другі Ватыканскі Сабор, Канстытуцыя Gaudium et spes, 80).

Мы суперажываем нашай паўднёвай суседцы Украіне, якая перажывае трагедыю. Падтрымліваем заклікі Святога Айца Папы Францішка і Апостальскага Пасаду, дыпламатычныя захады і перамовы Расіі і Украіны на беларускай зямлі з мэтай неадкладнага спынення ваенных дзеянняў і пошуку шляхоў да прымірэння; але для таго, каб бакі маглі пачуць адзін аднаго, неабходна, каб змоўкла зброя.

Таксама мы занепакоены інфармацыйнай вайной, якая наносіць не меншую шкоду і правакуе нянавісць паміж людзьмі і народамі.

Сёння, калі вырашаецца будучыня не толькі Украіны, неабходна зрабіць усё магчымае, каб знайсці мірнае вырашэнне канфлікту.

Заклікаем вернікаў і ўсіх людзей добрай волі:

  • да посту і салідарнай малітвы ў касцёлах нашай краіны ў інтэнцыі міру ва Украіне, карыстаючыся магчымасцю: адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, спеву суплікацыі «Святы Божа», Ружанцовай малітвы, Крыжовага шляху і іншых набажэнстваў;
  • з братэрскай любоўю і салідарнасцю аказваць пасільную дапамогу пацярпелым.

Мы молімся і просім, каб тыя, ад каго гэта залежыць, не дапусцілі, каб нашая краіна прымала ўдзел у гэтай вайне.

Аб’яднаныя ў посце і малітве,

Біскупы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

catholic.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі