Стварэнне пернікавых домікаў распаўсюджаная калядная традыцыя ў сем’ях, якія маюць нямецкае паходжанне. Гэта мастацтва, якое ўзнікла прыблізна ў XVI стагоддзі і было папулярызавана братамі Грым дзякуючы казцы пра Гензеля і Грэтэль, нават зафіксавана ў Кнізе рэкордаў Гінеса.
На сённяшні дзень рэкардсменам з’яўляецца дом, створаны ў 2013 годзе ў Байран (штат Тэхас, ЗША). Яго памеры дасягалі больш за 12 тысяч кубічных метраў. Дом выкарыстоўваўся як майстэрня Санта-Клаўса, а ўсе сабраныя ў ім сродкі былі пералічаны на карысць каталіцкай бальніцы.
Джоэл Кірнан, студэнт-інжынер з штата Вісконсін, не імкнуўся ўсталяваць сусветны рэкорд. Яго мэтай было сабраць сродкі на дапамогу мясцоваму прытулку для бяздомных. Кінан, які вывучае машынабудаванне на першым курсе Стэнфардскага ўніверсітэта, два тыдні будаваў пернікавы дом па ўзору Нотр-Дам дэ Пары.
Па яго словах, гэта жаданне бярэ свой пачатак у дзяцінстве. «Калі я быў малым, марыў стаць поварам. У нас дома была кулінарная кніжка пра выпяканне каляднага печыва, і на яе абароце была намаляваная пернікавая версія Нотр-Дам, з інструкцыямі і падрабязнымі фотаздымкамі. Я сказаў сваёй маме, што аднойчы таксама зраблю пернікавы сабор».
Па словах Кірнана, вымушаны перапынак у вучобе з-за пандэміі каранавіруса заахвоціў яго вярнуцца да дзіцячай мары. Але ён не хацеў пачынаць праект толькі дзеля самога яго ўвасаблення. «Я не хацеў марнаваць шмат гадзін на стварэнне чагосьці, што потым разглядаў бы некалькі тыдняў. Я хацеў, каб гэта азначала нешта большае».
Хлопец патэлефанаваў у мясцовы прытулак святога Яна, які займаецца бяздомнымі, каб спытаць, ці можа яго праект быць карысным для іх.
Адміністрацыя ўстановы адрэагавала на яго прапанову з вялікім энтузіязмам. Разам яны распрацавалі ідэю для дабрачыннай латарэі і рэкламную кампанію для яе падтрымкі — у рэшце рэшт, продаж латарэйных білетаў, якія давалі шанец усім жадаючым выйграць пернікавы сабор, прынёс прытулку 3890 даляраў.
Пернікавы сабор Кірнана мае памеры прыкладна 50*30*30 см. У гатовым выглядзе ён уяўляе сабой дэталізаваны маленькі сабор, укамплектаваны контрфорсамі. Сабор нават абсталяваны ўнутраным асвятленнем, якое пранікае праз каляровыя вокны. Для стварэнне пернікавага сабора спатрэбілася амаль 4,5 кг. мукі, 4 слоікі патакі, паўшклянкі карыцы і шмат іншых спецый і прыпраў. Аднак, на жаль (ці на шчасце), сабор нельга з’есці, бо падчас яго вырабу выкарыстоўваўся клей.
Джоэл Кірнан кажа, што вера дапамагае яму зразумець важнасць клопату пра іншых. Праца над пернікавым саборам у падтрымку прытулку святога Яна — гэта толькі ўвасабленне яго веры ў жыццё. «Я зразумеў, што ў веры і рэлігіі, існуе штосьці больш важнае і значнае, чым ты сам. Гэта клопат пра бліжняга, здольнасць бачыць аблічча Езуса ў кожным чалавеку»-, сказаў ён. «Зразумела, гэта прычына, па якой я ствараю гэты і іншыя падобныя праекты».
credo.pro па матэрыялах Crux Now
пераклад Catholicnews.by
