З 30 жніўня па 1 верасня ў Навагрудку адбыліся трэція па ліку пакутныя рэкалекцыі за Беларусь.
Першы дзень пакутных рэкалекцый распачаўся святой Імшой у інтэнцыі ўміласціўлення Богу за грахі і знявагі. У гэтай просьбе маліўся біскуп Уладзімір Гуляй, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі. Эксцэленцыя, які ўзначальваў Найсвяцейшую Ахвяру Езуса Хрыста, прамовіў казанне, у якім усвядоміў удзельнікам рэкалекцый пра важнасць пакуты і перапрашэння за грахі і малітвы за ўсіх жыхароў нашай краіны. Пасля св. Імшы адбылася аскетычная лекцыя, якую правёў а. Віталій Сапега ОР з Віцебска. Познім вечарам вуліцамі Навагрудка прайшоў пакутны крыжовы шлях у інтэнцыі нашай краіны, у якім прыняў удзел біскуп Уладзімір. Пасля гэтага вымоўнага набажэнства іерарх узначаліў пакутную малітву з кнігі прарока Данііла за наш край. Падчас малітвы ўдзельнікі рэкалекцый ляжалі крыжам на знак глыбокага пакаяння перад Усемагутным Богам.
Пакутныя рэкалекцыі адзначаліся вялікай інтэнсіўнасцю малітваў і пакутных практык: ладзіліся два дні ўсяночныя адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, святы ружанец, вяночак да Божай Міласэрнасці, Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі, пешая пакутная пілігрымка ва Уселюб да Маці Божай Новага Жыцця (14 км), пакутная працэсія са свечкамі.
Рэкалекцыі завершыліся ў нядзелю святой Імшой і сведчаннямі ўдзячнасці за магчымасць удзелу ў такіх неабходных набажэнствах для нашай Радзімы.
Дамінік Запаснік, тэкст
Марына Валасар, фота