Яшчэ адзін крыж усталявалі ў Мосары

12 верасня на Крыжовай дарозе ў Мосары Глыбоцкага раёна з’явіўся яшчэ адзін крыж. Устанавіла яго місіянерская група, што дзейнічае пры парафіі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах, у гонар 25-годдзя свайго існавання. Асвяціў крыж кс. Марат Казлоўскі, пробашч парафіі Святой Ганны ў Мосары і а. Канрад Патыка, кусташ Санктуарыя Маці Божай Фацімскай у Баранавічах.

Да святкавання юбілею можна падыйсці па-рознаму і пры сучасных магчымасцях людскіх зносін правесці не толькі вечарыну з урачыстымі прамовамі і нават шоу. Але, калі  па-сапраўднаму служыш місіянерскай справе, то сэнс свята ўяўляеш сабе зусім інакш, і позірк сэрца часцей за ўсё прыпыняецца на крыжы – сімвале жыцця.

Удзячныя Богу за магчымасць на працягу 25 гадоў актыўна падтрымліваць місіянераў, мы вырашылі ўстанавіць крыж на  Крыжовай дарозе ў Мосары. Сюды, на мосарскую Кальварыю, якая створана ўжо ў нашыя часы і нашымі сучаснікамі, накіроўваюцца сотні пілігрымаў з усёй Беларусі, з замежжа, каб нешта асэнсаваць у сваім жыцці і перагледзець, суаднесці падзеі свайго жыцця  з сутнасцю самога крыжа, з якога ўсё пачыналася, у якім усё працягваецца і з якім скончыцца зямное жыццё…

Наша місіянерская група нарадзілася ў 1993 годзе, калі ў Баранавічах была  створана парафія Маці Божай Фацімскай, і пробашчам быў кс. Ежы Мазур SVD, сёння біскуп Элцкі (Польшча). Пятнаццаць жанчын, а з імі  і мужчыны, вырашылі  тады маліцца за місіянераў – за тых, хто нясе Слова Божае людзям, яшчэ  далёкім ад Езуса.

Трэба адзначыць, што час стварэння групы супаў  з часам узвядзення храма, таму наша група збіралася на малітвы спачатку на кватэры ў Ядвігі Моўчан, якая  стала кіраўніком групы, а пасля – ва ўсіх жанчын па чарзе. Асабліва старанна рыхтаваліся мы да Тыдня  малітваў за місіянераў, які звычайна  праходзіць у трэці тыдзень кастрычніка. Падрыхтоўка ішла не толькі малітоўная; мы рыхтавалі вырабы з гіпсу – фігуркі Маці Божай, Езуса Хрыста, Святой Сям’і, анёлкаў – і на працягу тыдня выстаўлялі іх  перад святой Імшой. Парафіяне любаваліся фігуркамі, выбіралі нешта для сябе і  ў скарбонку  кідалі ахвяраванні, якія ішлі на патрэбы місій.

Маліліся штодня на Ружанцы,  удзельнічалі ў святой Імшы, а ў нядзелю славілі Бога тры разы  – раніцай, у абед і вечарам.  Прычым малітву чыталі звычайна на пяці мовах: Тэрэса Крупіна – на лацінскай, Валерый Борыс – на ўкраінскай, Ядвіга Шкут – на беларускай, Ядвіга Аляксеева – на рускай і Яніна Гаўдзіс – на польскай.

Традыцыя жыве і сёння. Кожны аўторак збіраемся разам, каб накіраваць  Богу словы малітвы: “Божа, які хочаш  збавіць  усіх людзей і прывесці іх  да пазнання праўды, пашлі місіянераў  на жніво Сваё, каб нястомнай  стараннасцю абвяшчалі праўду Твайму народу. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.”

Кожны  аўторак пасля вячэрняй службы просім  Бога ў малітве за ўсіх місіянераў,  якія нясуць служэнне на місіях; молімся за семінарыстаў, каб сталі добрымі місіянерамі; молімся за новыя пакліканні; молімся за памерлых святароў і вернікаў. Разам з намі моліцца наш пробашч кс. Конрад Патыка, кусташ Санктуарыя Маці Божай Фацімскай.

Настаў доўгачаканы вераснёўскі дзень, і перш чым  падняцца на мосарскую Кальварыю, мы накіраваліся ў касцёл святой Ганны, каб  прыняць удзел у Эўхарыстыі.  Падчас святой Імшы была асвечана памятная таблічка, якую належала прымацаваць да крыжа, і праз некаторы час мы апынуліся на самай высокай гары Глыбоччыны, якая, дзякуючы светлай памяці кс. Юзафу Бульку, стала месцам паломніцтваў. Углядаемся ў абшар навокал, і перад вачыма разгортваецца такая натуральная прыгажосць!

Ахоплівае пачуццё вечнага існавання гэтай зямлі, гэтых нябёсаў, гэтага паветра і… Крыжа! Крыжа, на якім быў  укрыжаваны Езус Хрыстус, які з’яўляецца сімвалам хрысціянскага жыцця, які  падкрэслівае прысутнасць  Хрыста ў нашым жыцці сёння. Вялікая колькасць крыжоў, устаноўленых  ад сем’яў, ад тых пакаленняў, якія пражывалі калісьці ў гэтай мясцовасці, ад парафій і вёсак, ад розных суполак і асобных людзей, зноў падштурхоўвае сэрца да разважання аб тым, што ёсць вечнае ў створаным Богам Сусвеце, аб сутнасці  Хрыстовай веры і аб сутнасці нас, хрысціян цяперашняга часу. Перачытваем таблічкі з надпісамі, зробленымі на беларускай, польскай, рускай, літоўскай, галандскай і іншых мовах, і зноў падыходзім да “свайго”крыжа.

Праект прапанаваў брат Карнэлій Консэк  SVD, яго ажыццяўлялі ўсёю супольнасцю. І вось стаіць ён сярод іншых крыжоў –  масіўны, вялікі; бы Сусвет, у зробленым у ім праёме зіхаціць бронзавая расліна. Расліна – гэта пульсуючае жыццё, сем яе лістоў –  гэта сем кантынентаў свету,  на якіх жывуць такія ж, як і мы, людзі і таксама імкнуцца да  збаўлення. Але няма іншага шляху да збаўлення як толькі праз крыж.

Наш крыж  пазначаны таблічкай ад місіянерскай групы, а на ёй надпіс: “Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён” (Ян 12, 24). Менавіта дзеля гэтага плёну наша група існуе, дзейнічае і моліцца штодня, спадзеючыся на Бога і дзякуючы Яму за магчымасць рэалізаваць нашае місіянерскае пакліканне.

Раіса Сушко. Ад імя місіянерскай групы, што дзейнічае пры санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Баранавічах.

для друку для друку