Тысячы католікаў у Беларусі штодня прымаюць Св. Камунію. Перш чым з’явіцца на алтары і быць перамененымі ў сапраўднае Цела Езуса Хрыста, камуніканты* і гостыі павінны быць выпечанымі. Гэтым, між іншым, займаюцца сёстры-назарэтанкі ў Навагрудку. Пра выпяканне аплатак і не толькі чытайце ў гэтым матэрыяле.
Уваходзім у кляштар сясцёр-назарэтанак па ласкавым запрашэнні сястры Фаўстыны Крывіцкай, якая і займаецца выпечкай эўхарыстычнага хлеба. “Выпяканне камунікантаў для нас не новая справа, – кажа сястра. – Манахіні, якія тут працавалі да вайны, таксама гэтым займаліся. Засталіся нават спецыяльныя прылады з тых часоў. Але сёння ў нас сучаснае абсталяванне”.
Рэцэпт просты: толькі мука і вада
– Якога гатунку патрабуецца мука, каб выпякаць гостыі для Св. Імшы? – пытаюся.
– Найвышэйшага гатунку. Рэцэпт прыгатавання цеста для выпечкі вельмі просты: толькі мука і вада без ніякіх дадаткаў. Але гэта павялічвае адказнасць. Бо калі ў цесце знойдуцца нейкія іншыя рэчывы – фарбавальнікі ці кансерванты, – то Св. Імша, якую адпраўляе святар, будзе несапраўднай.
Слухаючы сястру Фаўстыну, прыгадваю сабе Кодэкс кананічнага права, які ў 924 каноне, другім параграфе гаворыць выразна: ”Хлеб павінен быць чыста пшанічным і свежавыпечаным, каб не было ніякай небяспекі сапсаванасці”.
Аплаткі з хрысціянскімі сюжэтамі
– Якім павінна быць цеста, каб выпечка ўдалася?
– Яно павінна быць не занадта густым. Затым цеста заліваецца ў спецыяльную машыну. Закрываецца верхняя крышка. І трэба пачакаць дзве хвіліны. Як бачыце, трэба добра падлічыць аб’ём цеста. Бо калі яго зашмат, то па баках выходзяць так званыя “клюскі”, якія трэба ачышчаць. Натуральна, перад выпечкай неабходна змазаць плошчу машыны алеем, каб цеста не прыставала да паверхні.
Сястра Фаўстына падымае верхнюю крышку машыны і дастае вялізны белы пласт з выявамі Езуса Хрыста і сцэнамі Божага Нараджэння.
– Перад тым, як выразаць камуніканты, яго неабходна насачыць вільготнасцю.
Сястра кладзе свежавыпечаны пласт, які пакуль што занадта сухі і крохкі, у спецыяльную шафу, дзе стаіць посуд з цёплай вадой. Там ужо ляжаць цэлыя стосы белага колеру. Праз некалькі гадзін прадукт памякчэе і яго можна будзе далей апрацоўваць.
– А што наконт аплаткаў**? – пытаюся. – Для іх існуе які-небудзь асаблівы рэцэпт?
– Не, рэцэпт той самы. У Беларусі традыцыйна папулярныя толькі белыя аплаткі без ніякіх дадаткаў. Хаця тут ужо няма ніякіх касцельных вымаганняў. Тэарэтычна мы маглі б выпякаць і каляровыя аплаткі, але няма такіх замоваў. Быць можа, гэта звязана з тым, што раней каляровыя аплаткі давалі толькі жывёлам. Але цяпер прыватнай гаспадаркі амаль няма, то і звычай гэты заняпаў.
Сястра Фаўстына паказвае вялікую ёмкасць, дзе ляжаць тысячы гатовых камунікантаў. Яны выразаюцца з вялікага вырабу спецыяльнай машынкай-прэсам. Адным націсканнем таксама выразаецца і гостыя – круглы камунікант большага памеру, які святар трымае ў руках падчас малітвы кансэкрацыі на Св. Імшы.
Успамінаю, як шмат разоў мне даводзілася прымаць Св. Камунію і дзяліцца аплаткай за калядным сталом! Гэтыя рэлігійныя абрады такія блізкія нашаму сэрцу не толькі праз Божую ласку і дар супольнасці, але яшчэ і таму, што дзесьці ў кляштары клапатлівая жаночая рука выпякае белыя аплаткі, каб у Беларусі ўсім хапіла хлеба: чыстага, пшанічнага, эўхарыстычнага. Вялікі дзякуй нашым дарагім сёстрам за гэтую паслугу!
Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
*Камунікант – круглы белы пшанічны хлеб. На Св. Імшы пераўтвараецца ў Цела Езуса Хрыста, якое вернікі спажываюць падчас абраду Св. Камуніі.
**Аплатка – белы пшанічны хлеб прамавугольнага выгляду. Традыцыйна абавязковы на калядным стале ў вігілійны вечар перад Божым Нараджэннем.
для друку