Пытанне, вынесенае ў загаловак, можа падацца, на першы погляд, несур’ёзным, неістотным, нават у пэўнай меры штучным. Мы амаль ніколі не задумваемся ў працэсе маўлення, як усё ж было б правільна ў розных словаформах – з прыстаўным в ці без яго.
І менавіта такое пытанне прапануе разгледзець на старонках газеты нашая пастаянная чытачка спадарыня Валянціна С. з Пастаўшчыны. “Усё часцей чую і ад сваёй дачкі, якая добра валодае беларускай мовай, і ад унучкі, якая налета заканчвае школу, такое: адчыні вакно, выкінь смецце ў вурну, яна жыве ў Воршы і г.д.”, – піша ў лісце да аўтара моўнай старонкі сп-ня Валянціна. – Прычым раней, яшчэ пару гадоў таму, гэтага неяк не заўважала, – дадае яна. – А цяпер мае дзяўчаты спасылаюцца на розныя “аўтарытэтныя крыніцы”, сцвярджаюць, што з цягам часу ў мове таксама адбываюцца змены. Дык вось я і хацела б папрасіць, каб у межах моўнай старонкі “Каталіцкага Весніка” мы асвятлілі гэтую праблему. Магчыма, не толькі мне гэта будзе цікава…”
Мы шчыра дзякуем сп-ні Валянціне за ўзнятае пытанне, якое сапраўды раз-пораз узнікае сярод носьбітаў беларускай мовы. І адначасова хацелася б выказаць нашую глыбокую павагу да ўсёй сям’і нашай чытачкі, дзе актыўна карыстаюцца мовай і шануюць яе.
Цяпер непасрэдна па сутнасці агучанай праблемы. Так, на самай справе апошнім часам нярэдка можна пачуць словаформы кшталту на вакне, на падваконніку, вазёрны, вунія, у вабласцях, Ворша і падобныя. Імкненне да ўжывання прыстаўнога гука в у цэлым зразумелае: гэта павінна, паводле меркавання шараговых карыстальнікаў беларускай мовы, надаць ёй яшчэ больш адметнасці, нацыянальнай спецыфікі. Але ж існуюць пэўныя правілы, якіх варта прытрымлівацца, каб захоўваць належны ўзровень культуры маўлення.
Дык вось, згодна з правіламі, прыстаўны в ужываецца:
- Перад націскным о ў пачатку слоў (возера, восень, воспа, ворыва, воблака, востраў, Вольга);
- Перад прыстаўкамі о-, об-, од- (воклік, вокіс, вопыт, вобземлю, водпаведзь, а таксама ў словах кшталту навобмацак, наводдаль, наводшыбе);
- У пазычаных словах кшталту вохра, воцат і вытворных ад іх: вохрыць, воцатнакіслы;
- У словах вока, восем, вакол, востры і вытворных ад іх: завочны, васьмёра, наваколле, завастрэнне;
- Перад націскным о ў сярэдзіне некаторых слоў: Лявон, Радзівон, ніводзін і інш.
- Перад каранёвым у ў пачатку слоў: вугаль, вуда, вучань, вуха, вусны, вуж, а таксама ў вытворных ад іх незалежна ад месца націску: абвуглены, вудзільна, вучыцца, завушніцы, залатавуст і інш.;
- Перад націскнымі прыстаўкамі у-, ус- : вупраж, вусцілка, вусцішна і інш.;
- У сярэдзіне слоў перад націскным у (павук, каравул, цівун, есавул) і ў вытворных ад іх (павуцінне, каравульны, цівуноў, есавульскі);
- Перад у ва ўласных імёнах і геаграфічных назвах (Тадэвуш, Матэвуш, Навумаўка).
Прыстаўны в не ўжываецца ў словах перад пачатковым націскным у (ультра, ультрафіялетавы, унтэр, унікум, унія, урна). Выключэннем тут з’яўляецца слова вустрыца. Таксама адсутнічае прыстаўны в у пачатку слова ў імёнах і назвах: Ульяна, Ула, Узда, Узбекістан, Уэльс і інш.).
Разам з тым жывая моўная практыка апошніх двух дзясяткаў гадоў сведчыць, што ўсё часцей менавіта з прыстаўным в вымаўляюцца назвы нашых гарадоў – Ворша, Вушачы. Гэта супярэчыць афіцыйна прынятым літаратурным нормам. Але мы павінны разумець, што мова – жывы арганізм, і з цягам часу ў ёй таксама адбываюцца змены. І тут мы цалкам пагаджаемся з меркаваннем, агучаным са слоў аўтара пытання на пачатку артыкула. На наш погляд, няма нічога шкоднага для нашай мовы, калі мы гаворым, да прыкладу, Яны жывуць у Воршы ці Я паеду ў Вушачы. Прыгадаем тут, што і наш знакаміты зямляк Рыгор Барадулін казаў акурат Вушачы, вушацкі і гэта нікога не бянтэжыла. Таму дазволім сабе выказаць меркаванне, што праз пэўны час уласныя найменні Орша, Ушачы будуць ужывацца з прыстаўным в і афіцыйна.
А адказваючы на канкрэтнае пытанне нашай чытачкі сп-ні Валянціны, заўважым, што згодна з сённяшнімі нормамі літаратурнай мовы ўсё ж Вазон стаяў на акне. Адчыняем мы таксама акно. А смецце кідаем у урну. Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял будзе карысны для ўсіх нашых чытачоў, неабыякавых да роднага слова.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
для друку