“Усё магчыма для таго, хто верыць”. Сведчанне сям’і Грушэцкіх

Сёлета ў кастрычніку адбылася чарговая пілігрымка ў Ватыкан, у якой прынялі ўдзел кансэкраваныя асобы, людзі сталага веку, сем’і з дзецьмі. Падарожжа стала знакавай падзеяй для ўдзельнікаў: пілігрымы мелі магчымасць наведаць важныя для кожнага католіка месцы і нават убачыць Папу Рымскага Льва XIV. Беларускія пілігрымы прыязджалі са сваімі інтэнцыямі, падзякамі і нават падарункамі для Пантыфіка. Хтосьці прывозіў рэчы, зробленыя ўласнаручна, іншыя – абразы. Сям’я Грушэцкіх таксама паехала ў Ватыкан не з пустымі рукамі. Тата Алег і дачушка Марыйка прывезлі для Папы калядны нумар газеты “Мінскі кур’ер” за 2012 год, у якім апавядаецца іх гісторыя надзеі, чакання і веры.

І зараз з вялікім хваляваннем Алег Грушэцкі вяртаецца ва ўспамінах у 2012 год, калі сям’я, у якой ужо выхоўваліся два хлопчыкі, знаходзілася ў чаканні дачушкі. Да нараджэння трэцяга дзіцяці Грушэцкія рыхтаваліся загадзя. Цяжарнасць праходзіла без адхіленняў. Аднак у нейкі момант усё пайшло не па плане: дзяўчынка пабачыла свет на восьмым месяцы цяжарнасці. Дзіця нарадзілася з пнеўманіяй і знаходзілася ў коме. У хуткім часе ў нованароджанай пачаўся сэпсіс і кровазліццё ў галаўны мозг, самастойна не функцыянавала сэрца, не працавалі ныркі, адбыўся ацёк галаўнога мозгу, а медыкі ніяк не маглі спыніць крывацёк з пупавіны. Дзяўчынку змясцілі ў інкубатар, яе жыццё цалкам залежала ад апаратаў.

З вялікім болем і хваляваннем бацькі назіралі за трагічнай карцінай, іх сэрцы разрываў цяжар бездапаможнасці. Лекары толькі разводзілі рукамі. Чарговым днём урач паведаміў, што, калі крывацёк будзе спынены, нованароджаную перавядуць у трэцюю гарадскую дзіцячую клінічную бальніцу. Бацькі спыталі пра мэтазгоднасць такога рашэння. На што доктар адказаў: “У гэтай бальніцы ёсць дзіцячы морг. Вы ж разумееце, што ваша дзіця не выжыве”. Гэтыя словы ранілі сэрцы бацькоў, тушачы апошні агеньчык надзеі. Доўгіх дзесяць гадоў яны чакалі трэцяе дзіця, маленькую прынцэсу, якая ўпрыгожыць іх жыццё. А цяпер медыкі адзінагалосна сцвярджалі, што дзіцяці жыць засталося лічаныя гадзіны…

Бацькам хацелася, каб іх маленькая дачушка была ахрышчаная. Тата Алег на той момант належаў да праваслаўнай канфесіі. Сталі шукаць святара, які змог бы ахрысціць дзіця. Па пэўных прычынах гэтага зрабіць не ўдалося. Тады сям’я звярнулася да блізкай сяброўкі Марыны Пяткевіч, якая практыкавала каталіцтва і працавала з людзьмі ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Мінску. Марына пайшла ў катэдру, там якраз знаходзіліся маладыя святары – кс. Валерый Даўгуль і бр. Уладзіслаў Мінько. Яны толькі скончылі вучобу і збіраліся ехаць на сваё першае месца служэння – у Нясвіж. Ужо былі купленыя білеты. Новапрэзбітары знаходзіліся ў чаканні першых святых Імшаў і сакрамантаў. Тады яны яшчэ і не здагадваліся, што першы сакрамант давядзецца правесці менавіта тут, у Мінску. Пачуўшы пра бяду сям’і Грушэцкіх, маладыя святары адклалі ад’езд і накіраваліся ў бальніцу, дзе іх прысутнасць і дапамога былі зараз так патрэбныя.

Мы прывыклі да таго, што да сакраманту хросту сем’і рыхтуюцца доўга: праходзяць адпаведную падрыхтоўку, выбіраюць імя і хросных бацькоў, запрашаюць гасцей, якія раздзеляць вялікую радасць, апранаюць дзіцятка ў белае і ўрачыстае адзенне. На гэты раз хрост быў зусім іншым. Замест высокіх касцельных зводаў – белыя сцены, пах лекаў і цішыня рэанімацыі. Але менавіта тут, у самым цэнтры чалавечай слабасці, адбыўся цуд – хрост дзіцяці. Хроснымі для нованароджанай сталі Марына Пяткевіч і брат Уладзіслаў Мінько. Брата Уладзіслава бацькі да гэтага часу зусім не ведалі, і ў іншай сітуацыі ў дзяўчынкі былі б іншыя хросныя. Аднак, напэўна, сам Бог паставіў гэтых людзей на шляху хворага дзіцяці. Бацькі нават не прыдумалі імя для дачушкі. Тады хросны прапанаваў назваць яе Марыяй. Гэта імя і выбралі.

Для ксяндза Валерыя хрост маленькай Марыйкі быў першым у жыцці. Такім чынам Бог паказаў яму, што ён патрэбны там, дзе людзі найбольш чакаюць суцяшэння і надзеі. У гэты час тата Марыйкі знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Валожыне. Перад пачаткам хросту Алег атрымаў паведамленне ад Марыны: “Сакрамант пачаўся, маліся!” І Алег, павярнуўшыся тварам у бок мясцовага касцёла, пачаў усхвалявана маліцца. Ён адгаворваў малітву “Ойча наш”, укладаючы ў кожнае слова ўвесь боль, надзею і страх. Калі кропелькі святой вады далікатна дакрануліся да цельца Марыйкі, дзяўчынка ўпершыню расплюшчыла вочы. Святар на нейкі момант знерухомеў.

Да хросту ў крыві быў крытычна нізкі ўзровень лейкацытаў. А праз гадзіну пасля сакраманту гэтыя паказчыкі наблізіліся да нормы. Урачы здзіўлена пераправяралі аналізы і сцвярджалі, што гэтага быць не можа. Аднак паказчыкі гаварылі адваротнае. Вечарам таго ж дня, калі адбыўся хрост, тата прыйшоў адведаць дачушку. Яму насустрач выйшаў урач, які звярнуўся з такімі словамі: “Я не магу гэтага растлумачыць, такое адчуванне, што аналізы вашай дачкі падмянілі!” З Божай дапамогай дзяўчынка стала мацнець, а яе арганізм пачаў весці пераможную барацьбу за жыццё. Урачы з вялікай доляй скептыцызму паставіліся да гэтага здарэння і гарантавалі Машы ДЦП. Яны сцвярджалі, што калі дзіця і выжыве, то будзе інвалідам.

Вядома, што пасля ацёку мозгу чалавека чакаюць самыя страшныя наступствы. Першыя месяцы бацькі вазілі Марыйку на шматлікія медыцынскія агляды, у ходзе якіх адхіленняў не было знойдзена. Дзіця расло дужым і здаровым. Гэта падзея зрабіла вялікі рэзананс. З цуду здзіўляліся не толькі родныя і знаёмыя, але і цалкам незнаёмыя людзі. Напярэдадні Калядаў 2012 года сям’ю наведалі карэспандэнты газеты “Мінскі кур’ер”. На свае вочы яны ўбачылі прыгожую і ўсмешлівую Марыйку, якая была галоўным і самым каштоўным падарункам для бацькоў на калядныя святы.

…На дварэ – 2025 год. З той падзеі мінула доўгіх трынаццаць гадоў. Усмешлівае немаўлятка ператварылася ў прыгожую, здаровую і разумную дзяўчынку Марыю Грушэцкую, якая цікавіцца замежнымі мовамі, спортам, вакалам. Зараз Маша не можа прыгадаць колішнія падзеі, яе памяць не захавала тую гісторыю барацьбы, надзеі і сапраўднага цуду. Але пра цудоўнае здарэнне часта прыгадваюць самыя родныя і блізкія людзі. Сітуацыя, якая мела месца пры нараджэнні, нагадвае Машы пра яе вялікую вартасць і каштоўнасць у Божых вачах. Моцна ўзрушыла падлетка і кастрычніцкая пілігрымка, калі дзяўчынка змагла ўбачыць Папу на свае вочы і перадаць праз арганізатараў газету з артыкулам, што апісваў гісторыю жыццёвага цуду. Але самым галоўным сведчаннем Божай ласкі і міласэрнасці стала сама Марыя. Яе жыццё і здароўе з’яўляюцца галоўным доказам таго, што ў Бога магчыма ўсё.

Марта Венславовіч

для друку для друку