23-25 жніўня адбыўся ўсебеларускі малітоўны семінар служыцеляў евангелізацыйнага Альфа-курса. У мерапрыемстве пры парафіі Святога Арханёла Міхала ў Навагрудку прынялі ўдзел служыцелі з рэктаральнага Пабрыгідскага касцёла ў Гродне, з гродзенскага касцёла Найсвяцейшага Адкупіцеля, з парафіі Найсвяцейшай Тройцы і Святога Роха (Залатая Горка) з Мінску і з парафіі Святога Арханёла Міхала ў Навагрудку.
Асноўнай мэтай семінара была супольная малітва за справу Новай Евангелізацыі ў нашай краіне, а таксама дзяленне дасведам правядзення сустрэч А-курса. У прагараме лекцый гучалі тэмы пра асноўную місію А-курса пры парафіях, паставу гасціннасці і культуру запрашэння ў адносінах да слухачоў А-курса і пытанні звязаныя з падрыхтоўкай новых служыцеляў. Разам з удзельнікамі малітоўнага семінара прысутнічалі іх душпастыры: кс. Антоній Грэмза, кс. Юрый Санько, а. Дзмітрый Лабкоў і кс. Юрый Жэгарын.
Служыцелі Альфа-курса выразілі надзею, што справа новай Евангелізацыі між іншым праз дадзены Евангелізацыйны курс будзе пашырацца і ахопліваць новыя парафіі і прыносіць багаты плён у сэрцах людзей, якія шчырым сэрцам хочуць пазнаць Бога і Яму служыць.
Дамінік Запаснік
для друку