Усе называюць яго проста – айцец Лех

Сёння я хачу расказаць пра чалавека, які аказаў вялікі ўплыў на маю веру, пра святара, якога хочацца называць “айцом” і ніяк інакш, да якога бесперапынна ідуць людзі па дапамогу, параду ці блаславенне. Манах-францішканін, каторы ходзіць басанож незалежна ад надвор’я, пастаянна пра нешта забываецца ці нешта губляе, але валодае такім даверам да Пана Бога, што ўсё ўспамінаецца, знаходзіцца і атрымліваецца. Служыць гэты незвычайны святар на маёй малой радзіме – у пасёлку Івянец Мінскай вобласці. Поўнае імя яго – айцец Лех Марыя Баханэк, але ўсе называюць яго проста – айцец Лех.

Trzeba choć jeden raz

Przejść po trawie boso,

Ze strumienia wodę pić.

Kto nie poznał tej radości,

Nie wie, co to znaczy żyć

Спеў рэлігійны

Упершыню я сустрэлася з айцом Лехам летам 2000 года. Тады мне было 15, мы з сястрой рыхтаваліся да Бежмавання пры касцёле святога Аляксея ў Івянцы. З нашай моладзевай групай працаваў малады ксёндз, расказваў многа карысных і цікавых гісторый. Пасля адных заняткаў нас папрасілі затрымацца: новы пробашч парафіі святога Міхала Арханёла хацеў з намі пазнаёміцца.

Добра памятаю той момант, калі насупраць прысеў той самы “новы пробашч” – чалавек сярэдняга ўзросту ў шэрым манаскім адзенні. Сказаў некалькі слоў пра сябе, пра тое, што нарадзіўся ў Польшчы, працаваў дагэтуль у Санкт-Пецярбурзе, затым яшчэ штосьці пра сталовую для бяздомных, крыху пра свае планы і напрыканцы запрасіў на прагляд фільма пра святога Францішка.

Хацелася дамоў. Мы разышліся, кожны са сваімі думкамі, сваімі ўражаннямі. Ніхто з нас нават уявіць сабе не мог, які магутны механізм быў запушчаны падчас той сустрэчы.

Зараз зраблю невялікае адступленне і раскажу, як жылі мы, падлеткі з мястэчка Івянец, да сустрэчы з айцом Лехам і што перамянілася ў нашым жыцці пасля яе.

Я нарадзілася ў 1985 годзе. Хрысцілі мяне, як і многіх маіх сяброў, не ў Івянцы (абодва нашыя касцёлы былі зачыненыя ў той час), а ў Рубяжэвічах, у касцёле святога Юзэфа. У той перыяд гэта быў адзіны дзейны касцёл у нашай мясцовасці. На пачатку 1990-х івянецкія святыні вярнулі католікам, але цэлае пакаленне вернікаў – пакаленне маіх бацькоў – для касцёла было амаль страчанае.

Я не буду абагульняць (не маю маральнага права гаварыць пра іншых) і некалькі слоў скажу пра сваю веру да лета 2000-га года. Мае бабуля і дзядуля па маці былі вернікамі, незалежна ад “настрою ў грамадстве” святкавалі каталіцкія святы, хрысцілі дзяцей і, па магчымасці, наведвалі касцёл (найбліжэйшы, нагадаю, быў за 30 км ад Івянца). Мае бацькі бралі шлюб у касцёле, хрысцілі нас с сястрой (гэта трэба было рабіць патаемна, бо мама атрымлівала вышэйшую адукацыю), таксама святкавалі каталіцкія святы, але ў касцёл, нават калі стала “можна”, хадзілі рэдка.

Мы з сястрой прыступілі да Першай Камуніі (у сярэдзіне 90-х гэта адбывалася вельмі ўрачыста, можна сказаць, было свята для ўсяго пасёлка), хадзілі на заняткі рэлігіі, па святах і калі не было чым іншым заняцца хадзілі ў касцёл. Шчыра кажучы, жылі сваім жыццём, якое зрэдку перасякалася з жыццём касцельным. Памятаю сябе ў школьныя гады: верыла, што Бог ёсць, Ён дапаможа ў цяжкую хвіліну, малілася, калі было страшна, але касцёл, ксяндзы, Біблія, святыя – усё было якімсьці далёкім, незразумелым, чужым.

І вось надышло тое самае лета 2000-га года. Нам патэлефанавалі і прапанавалі прыступіць да сакраманту Канфірмацыі. Мы згадзіліся, і пачалася падрыхтоўка. Асабліва патрабавалі ведаць сем дароў Духа Святога, якія мы атрымаем падчас удзялення сакраманту, што, хачу сказаць, і адбылося ў маім жыцці. Не так хутка, не раптам, а паволі, паступова стала прыходзіць разуменне, разважлівасць, пабожнасць і імкненне больш даведацца пра Бога, пра Касцёл, зразумець незразумелае і знайсці месца для Бога ў маім жыцці. І вось тым канкрэтным чалавекам, які дапамог знайсці адказы на шматлікія пытанні (а іх ва ўзросце 14–16 гадоў узнікае ой як многа!) і паставіць усё ж такі Пана Бога на належнае месца ў жыцці, стаў для мяне францішканін айцец Лех.

Пасля той першай сустрэчы, пра якую я пісала спачатку, айцец Лех прапанаваў паглядзець разам фільм “Брат Солнце, сестра Луна”. І тут як пачалося!.. Мы палюбілі святога Францішка і францішканаў (аказваецца, гэты ордэн амаль 300 гадоў працаваў у Івянцы, а я нават не ведала, што быў такі святы), пачалі збірацца на касцельныя сустрэчы і сталі “моладдзю францішканскай”. Затым былі паходы, канікулы з Богам, рэкалекцыі на прыродзе. Быў першы “Транзітус” у маім жыцці.

Далей – яшчэ больш. У Івянцы распачаўся рамонт касцёла, прайшла першая “Музычная майстэрня”, знайшлі звон, адліты ў 1935 годзе і схаваны ў часе вайны. Затым Міждыяцэзіяльная сустрэча каталіцкай моладзі і “беларускі Сіднэй” 2008 года, Фестываль каляднай песні, Парафіяда дзяцей і моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У Івянцы з’явіліся свае каталіцкія скаўты, на тэрыторыі касцёла ўзніклі спартыўная, дзіцячая пляцоўка і трэнажорны комплекс пад адкрытым небам, была адчыненая кавярня “У францішканаў”. Ужо некалькі гадоў існуе капліца Вячыстай Адарацыі, дзе вернікі парафіі змяняюць адно аднаго і вядуць бесперапынную малітву.

На гэтым я хачу спыніць пералік дасягненняў айца Леха і звярнуцца да яго асабіста, на што ніколі не хапала часу, рашучасці, усё ніяк не знаходзіўся адпаведны момант.

Айцец! Вы памятаеце нашыя першыя сустрэчы моладзі? Памятаеце, вядома. Як вам удавалася так зачароўваць нас? Тэмы, якія абмяркоўваліся на сустрэчах, былі настолькі цікавымі і нетыповымі для нашага тагачаснага жыцця! Многія рэчы мы пачулі ўпершыню, бо дома, у школе і па тэлебачанні гаварылі не пра тое і не так. Вашыя пытанні не давалі нам спакою, хвалявалі доўгі час пасля сустрэчы. Вы верылі ў нас, ставіліся да нас як да дарослых, сур’ёзна і ўдумліва адказвалі на нашыя (часта яшчэ дзіцячыя) пытанні. Бывала, не давалі дакладнага адказу, замест яго – новыя пытанні, з якімі кожны павінен звярнуцца да сябе самога, звярнуцца сам. Вы заразілі нас любоўю да святога Францішка, пазнаёмілі са святой Кларай, з айцом Піа. Прывучылі чытаць Біблію, зноў і зноў адкрываць для сябе Божае Слова. Вы былі і застаяцеся прыкладам сапраўднай веры, дабрыні і любові, старэйшым таварышам і мудрым дарадчыкам. Вы з намі ў цяжкія хвіліны і ў радасныя.

Я моцна люблю сустракаць вас летам на дзіцячай пляцоўцы ля касцёла і (пакуль дзеці гуляюць з Трышай, вашай вернай спадарожніцай) чуць ад вас, што вось-вось адкрываецца “Карытас” ці будзе пастаўлены помнік ненароджаным дзецям. І я ўпэўніваюся, што рухавік ідэй яшчэ працуе, а айцец Лех застаецца айцом Лехам…

Калісьці даўно айцец Лех спяваў нам пад гітару польскую рэлігійную песню, словы з якой я выбрала эпіграфам для гэтага артыкула. Я не чула яе гадоў 15 ужо, дакладна не памятала слоў, але ідэі, заключаныя ў гэтым прыгожым спеве, прадумваліся мной і пражываліся ўвесь гэты час. Тады, на пачатку 2000-х, я сапраўды не ведала, co to znaczy żyć, што азначае гэта свабода і як ёю карыстацца, мне не даводзілася “стаяць над безданню і маліць аб дапамозе”, тугі па Настаўніку таксама не было… Не скажу, што зараз так добра ўсё зразумела і ўсё ведаю, але ўпэўненасць у тым, што акрамя Пана, “już nie nasyci nic, нічога не задаволіць да канца і не будзе дасканалым, ужо прыйшла. І гэта ўпэўненасць, здаецца мне, перадалася ад айца Леха.

Аксана Нядвецкая

для друку для друку