Урачыстасць Хрыста Валадара сусвету адзначылі ў Лаздунах Гродзенскай дыяцэзіі

25 лістапада, на заканчэнне літургічнага года, у парафіі св. Сымона і Юды Тадэвуша адсвяткавалі ўрачыстасць Хрыста Валадара сусвету.

Першая святочная Імша адбылася ў капліцы ў в. Даўнары. Парафіяне са сваім душпастырам кс. Анджэем Бураком маліліся на ўрачыстай святой Імшы ў інтэнцыі ўсёй Лаздунскай парафіі, а асаблівым чынам за кіраўніка, настаўнікаў, выхавацеляў, клерыкаў і усіх супрацоўнікаў і дабрадзеяў семінарыі ў Гродне.

Калі мы чуем слова “кароль”, то адразу ўспамінаецца дзяцінства і казкі пра караля і яго валадарства. Сёння у Евангеллі мы таксама пачулі пра валадарства, але іншага Караля. Яго валадарства не з гэтага свету, яно не абмяжоўваецца маёмасцю, тронам, прыгожымі ўбраннямі. Яго трон вельмі просты і сціплы – гэта дзве бэлькі, прыбітыя перпендыкулярна адна да адной. На гэтым троне здзейснілася найвялікшая ахвяра – смерць сына Божа за грахі ўсяго свету. І сёння, у ХХІ стагоддзі, мы прагнем пакланяцца не прыгожаму трону з каштоўнымі камянямі, а гэтаму, простаму, – Крыжу Езуса Хрыста.

На памяць аб гэтай вялікай урачыстасці, на скрыжаванні дарог, намаганнямі вернікаў і пробашча быў устаноўлены і асвечаны крыж. Як сімвал веры парафіян у Лаздунах. Каб кожны, хто будзе праходзіць каля яго альбо праязджаць, схіліў сваю галаву перад Валадаром гэтага свету і падзякаваў яму за Яго ахвяру, за атрыманыя дары і ласкі. Магчыма хтосьці, дзякуючы гэтаму крыжу, задумаецца над сваім жыццём і пераменіць яго на лепшае.

Валадар нам, Хрыстэ, сёння і на вякі!

кс. Анджэй Бурак, тэкст
Аляксандр Мотуз, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі