Урачыстая святая Імша ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі

У парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў мястэчку Гудагай, што ў Гродзенскай дыяцэзіі, 15-16 ліпеня адбываліся ўрачыстасці Маці Божай Шкаплернай.

У гэтым годзе дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Шкаплернай святкуе 260-ю гадавіну пабудовы касцёла. Гудагай вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Таму на галоўны адпуст сабралася шмат вернікаў з усёй нашай краіны і з-за мяжы.

Галоўная ўрачыстая Імша пачалася 16 ліпеня а 12-й гадзіне на палявым алтары. Напачатку сабраных прывітаў а.Аркадзь Куляха OCD, кусташ санктуарыя. Узначаліў святую Імшу біскуп Алег Буткевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Беларусі. Разам маліліся таксама біскуп Аляксандр Кашкевіч, біскуп Юры Касабуцкі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, айцы-кармеліты, святары з Гродзенскай і іншых дыяцэзій. Прыгожым спевам аздабляў урачыстасць хор «Голас душы» з парафіі св. Сымона і Алены ў Мінску.

Падчас казання біскуп Алег Буткевіч засяродзіў увагу, што без Божай ласкі жыццё чалавека нагадвае пустыню. Кармеліты асаблівым чынам ушаноўваюць Маці Божую Шкаплерную. Яна ж прапануе кожнаму дзве простыя рэчы – ружанец і шкаплер. Ружанец – разважанне над Божым словам. Шкаплер – вымоўны знак, які можа захаваць ад бруду граху. Іерарх падкрэсліў, што шкаплер не дзейнічае аўтаматычна, не з“яўляецца амулетам. Чалавек павінен захоўваць хрысціянскія нормы жыцця. Маці Божая абяцае, што той, хто годна носіць шкаплер, не зведае пякельнага агню і будзе вызвалены з чыстцу ў першую суботу пасля смерці. Хрысціянства вымагае ад чалавека захавання адпаведных нормаў, але не знявольвае. Наогул, хрысціянства – гэта пра любоў. Чалавек ад моманту зачацця павінен адчуваць любоў. Бог прагне напаўняць нас любоўю. Любоў прагне, каб мы яе прынялі. Любоў дазволіла Марыі прыняць за дзяцей усіх людзей, нават тых, якія адправілі на крыж Яе Сына. Марыя дзякавала за Божую любоў нават у самыя цяжкія моманты жыцця. Мы павінны быць знакам Божай любові. Бог – наш Айцец, Міласэрны Айцец. Сёння мы просім, каб Божая ласка ўдзяліла нам дождж Божай любові. Хай шкаплер напамінае, што знаходзімся пад апекай Божай Маці.

Біскуп Алег узгадаў ксяндза Адама Вайцяхоўскага, былога пробашча гудагайскай парафіі, які служыў тут з 1959 года да адыходу ў вечнасць 16 ліпеня 1973 года. Ксёндз Адам вельмі шанаваў Маці Божую Шкаплерную.

Таксама біскуп Алег шчыра павіншаваў а. Аркадзя Куляху, які 16 ліпеня адзначае дзень нараджэння, і пажартаваў, што ў таго не было іншага выбару, як толькі пайсці ў ордэн кармелітаў.

Біскуп Віцебскі сардэчна запрасіў усіх прысутных на ўрачыстасць Маці Божай Валадаркі Азёраў, якая адбудзецца 19 жніўня ў Браславе.

Традыцыйна прагучаў гімн «Цябе, Бога, праслаўляем».

Затым з прывітальным словам і падзякай звярнуўся а. Пётр Фраштэнга OCD, Рэгіянальны вікарый кармелітаў босых у Беларусі.

Прадстаўнік раённай улады павіншаваў а. Аркадзя з нагоды дня нараджэння і ўручыў Падзяку ад Астравецкага райвыканкама.

Кусташ санктуарыя выказаў словы падзякі ўсім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі і правядзення ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай, і запрасіў у Гудагай на бліжэйшы фэст, які адбудзецца 8 верасня.

Алена Пажога, тэкст
Леанід Юрык, яшчэ больш фота>>

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі