Урачыстае пагашэнне паштовай маркі з выявай Маці Божай Кангрэгацкай адбудзецца ў Гродне

16 верасня ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбудзецца ўрачыстае пагашэнне паштовай маркі “Цудатворная ікона Маці Божай Студэнцкай у Гродне”, якая была сумесна выпушчана Рэспублікай Беларусь і Ватыканам і выходзіць у паштовае абарачэнне.

Пачатак у 12.30.

Сёлета адзначаецца 360-годдзе прысутнасці цудатворнага абраза Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай) на Гродзеншчыне.

Паштовая марка, канверт першага дня і спецыяльны штэмпель падрыхтаваны Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам паштовай сувязі “Белпошта” ў супрацоўніцтве з Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь, Поштай Ватыкана і Апостальскай нунцыятурай у Рэспубліцы Беларусь.

Дызайн маркі падрыхтаваны Яўгеніяй Бядонік. Друк афсетны, поўнакаляровы. Папера мелаваная, гуміраваная. Зуб. граб. 131/2:13. Памер маркі 37х52 мм. У лісце шэсць марак (3х2), памер ліста 145х142 мм. На марачным полі прыменена тэхналогія тэрмічнага ціснення металізаванай фольгай залацістага колеру.

Маркі друкаваліся ў РУП “Бабруйская ўзбуйненая тыпаграфія імя А. Ц. Непагодзіна”. Наклад – 42 тысячы. Намінал маркі “Р” адпавядае тарыфу на перасылку міжнароднай простай пісьмовай карэспандэнцыі (лістоў, бандэроляў) масай да 20 г уключна прыярытэтнай.

Абраз Маці Божай Студэнцкай, які знаходзіцца ў гродзенскай катэдры, – копія абраза Маці Божай Снежнай з рымскай базылікі Санта Марыя Маджорэ. У XVII-XVIII стст. яго копіі разышліся па многіх краінах Еўропы.

У 1644 г. абраз быў перададзены ў драўляны езуіцкі касцёл святых Пятра і Паўла ў Гродне. З таго часу Маці Божая Снежная пад тытулам Кангрэгацкай ці Студэнцкай стала нябеснай заступніцай супольнасці марыянаў у Гродне. У 1686 г. абраз быў прызнаны цудатворным, у 1705 г. яго ўсталявалі ў студэнцкай капліцы новапабудаванага фарнага касцёла (катэдры), дзе ён знаходзіцца і сёння. Гродзенская катэдра з’яўляецца малой базылікай і санктуарыем Маці Божай Кангрэгацкай. 28 жніўня 2005 г. абраз быў каранаваны папскімі каронамі.

grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі