У Віцебскай катэдры прайшла Літургія Мукі Пана

vicebsk_vial_piatnica20У Вялікую Пятніцу ў Віцебскай катэдры прайшла Літургія Мукі Пана, якой папярэднічаў Крыжовы Шлях. Пакутнае набажэнства правёў пробашч Віцебскай катэдры кс. Андрэй Аніскевіч. Набажэнства Мукі Пана распачаў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Будучы апранутым у чырвоны арнат, ён лёг крыжам на падлогу катэдры на ўспамін аб пакутніцкай смерці Езуса Хрыста.

Казанне да прысутных вернікаў прамовіў кс. Андрэй Аніскевіч. Ён падкрэсліў важнасць нашай памяці пра муку Хрыста і Яго смерць на крыжы. Кс. Андрэй прывёў словы невядомага салдата з-пад Монтэ-Касіна ў Італіі, які пакінуў запіску на полі бою.

“Мне сказалі, што Ты не існуеш. Мне сказалі, што Ты памёр і больш не ўваскрэснеш. Але ўчора вечарам з бомбавай варонкі я ўбачыш Тваё неба і зразумеў, што мяне ўвесь час падманвалі. Толькі сёння я ўбачыў столькі прыгожых рэчаў, якія Ты стварыў. На жаль, толькі жывучы ў гэтым пекле, я знайшоў час, каб убачыць Твой твар. Праз хвіліну пачнецца вельмі цяжкі бой. Можа быць сёння вечарам я ўжо прыйду да цябе. Ці будзеш Ты чакаць мяне пры ўваходзе? Глядзі, як я плачу! Ах, каб жа я пазнаў Цябе крыху раней… Я не баюся ўжо паміраць. Да пабачэння…”

Вяліка Пятніца – гэта выключны дзень у традыцыі Касцёла, калі не адпраўляецца св. Імша, а людзі засяроджваюцца на адарацыі Крыжа і разважанні пакутаў Хрыста. Варта нагадаць, што ва ўсім Касцёле ў Беларусі, у тым ліку і ў Віцебскай катэдры, ахвяраванні з Вялікай Пятніцы будуць перададзены на дапамогу Каталіцкаму Касцёлу ў Святой Зямлі.

vicebsk_vial_piatnica25

Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Анатоль Бандарчук-Вошлаў, фота

для друку для друку