10 кастрычніка Святы Айцец Францішак урачыстай цэлебрацыяй святой Імшы ў ватыканскай базыліцы святога Пятра адкрыў двухгадовы Сінадальны шлях паўсюднага Касцёла, які завершыцца ў кастрычніку 2023 года Асамблеяй Сіноду Біскупаў у Рыме. Дэвіз Сіноду — гэта камунія, удзел і місія. Папа запрашае шляхам малітоўнай засяроджанасці паразважаць над актуальным станам Касцёла і Яго будучыняй не толькі біскупаў і святароў, але наогул усіх ахрышчаных людзей.
17 кастрычніка біскуп Віцебскі Алег Буткевіч падчас св. Імшы ў катэдры Езуса Міласэрнага ў Віцебску распачаў дыяцэзіяльны этап Сіноду ў Віцебскай дыяцэзіі. Ён асабіста зачытаў слова біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, Старшыні Сінадальнай Камісіі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Разважаючы над навучаннем папы Францішка, Біскуп Яшэўскі падкрэсліў у сваім пасланні чатыры асноўныя моманты, над якімі павінен будзе задумацца Сінод.
Першы – гэта прыярытэт фармацыі як духавенства, кансэкраваных асобаў, так і свецкіх вернікаў. Вельмі важна сёння клапаціцца і развіваць якасную фармацыю ў Касцёле. А для гэтага напэўна трэба будзе глыбока перагледзець структуры і метады падрыхтоўкі духавенства і свецкіх у Касцёле.
Другі – гэта ўмацаванне калегіяльнасці і салідарнасці духавенства, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў Касцёла. Жывому арганізму Касцёла недастаткова проста мець паасобных лідараў, а неабходна ствараць сетку рэгіянальных «сведчанняў», якія, гаворачы ў адзін голас, забяспечвалі б усюды не ўніфармізм, а сапраўднае адзінства ў багацці разнастайнасцяў.
Трэці – гэта памяць пра пастаянны заклік да місіі і пра неабходнасць пастырскага навяртання. Сёння свету неабходны такі Касцёл, які здольны нанова адкрыць мацярынскае ўлонне міласэрнасці.
Чацвёрты – гэта тое, што Касцёл дзейнічае ў грамадстве і не можа быць выключаны з яго. Адукацыя, ахова здароўя, сацыяльнае служэнне, тэма справядлівасці, свабоды, узаемапавагі, дабрачыннасці і многае іншае – гэта пытанні і выклікі, на якія Касцёлу ёсць што сказаць.
Біскуп Алег Буткевіч падчас святой Імшы ў катэдры падкрэсліў, што плённасць Сіноду будзе залежыць ад нашай адкрытасці на святло Духа Святога. Ён заахвоціў усіх прысутных маліцца аб добрыя плады гэтага Сіноду ў Віцебскай дыяцэзіі і ва ўсім Паўсюдным Касцёле.
Кс. Віктар Місевіч, тэкст
Анатоль Бандарчук-Вошлаў, фота