У Віцебску прайшлі рэкалекцыі па тэме вызвалення ад алкагольнай залежнасці

З 30 сакавіка па 1 красавіка ў катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску праходзілі рэкалекцыі “Радасць духоўнай свабоды”. Падчас рэкалекцый, людзі, якія ў сваім жыцці сутыкнуліся з залежнасцю, але змаглі стаць на шлях аздараўлення, дзяліліся сваімі гісторыямі з парафіянамі.

У першы дзень рэкалекцый пасля св. Імшы выступіў прадстаўнік руху АА (ананімныя алкаголікі). Ён коратка распавёў гісторыю сваёй хваробы і шляху да выздараўлення. Выступоўца распавёў пра праграму 12 крокаў, і звярнуў увагу на важнасць духоўнасці на шлыху выздараўлення. Пасля канферэнцыі ў удзельнікаў была магчымасць сустрэцца і абмеркаваць пачутае.

На другі дзень рэкалекцый выступала сужэнская пара. Падчас канферэнцыі парафіяне даведаліся пра праблему сузалежнасці. Аб тым, якім чынам залежнасць аднаго чалавека ўплывае на іншых членаў сям’і.

Падчас трэцяй канферэнцыі выступалі прадстаўнікі цэнтра дапамогі залежным “Светач” у Бягомлі. Яны распавялі пра дзейнасць цэнтру, гісторыю і мэты яго стварэння, і падзяліліся сваімі гісторыямі залежнасці.

Важна памятаць, што так ці інакш праблема залежнасці датычыць амаль кожнага чалавека. Нават калі людзі не ўжываюць алкаголь, яны ведаюць тых, для каго гэта можа быць праблемай. Таму выступоўцы пакінулі буклеты ў касцёле, каб кожны, каму спатрэбіцца такая дапамога, змог атрымаць яе.

Лаліта Арлоўская

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі