У Віцебскай парафіі адчынілася выстава «Святая Людміла — «калыска» чэшскай святасці»

31 ліпеня ў Віцебскай парафіі Святога Духа, якой апякуюцца айцы сальватарыяне, адбылося адкрыццё часовай дакументальнай выставы, прысвечанай першай славянскай пакутніцы – святой княгіні Людміле Чэшскай. Незвычайная падзея распачалася святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч у прысутнасці Пасла Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь спадара Томаша Перніцкага і часова паверанай Славакіі Катарыны Жакавай, а таксама мясцовых вернікаў і гасцей.

Пастыр Віцебскай дыяцэзіі ў прамоўленай гаміліі звярнуў увагу на духоўныя каштоўнасці, як на галоўныя арыенціры ў жыцці чалавека, здабыванне якіх патрабуе намаганняў. Іерарх прадставіў святую Людмілу як прыклад яднання і мужнасці для нашага часу, яна дасведчыла ў сваім жыцці, што «праўда пра тое, што Бог ёсць Любоў, ёсць Міласэрнасцю, цяжка ўваходзіць у жыццё чалавека», але нягледзячы на выпрабаванні, святая вытрывала да канца. Біскуп Алег нагадаў, дзякуючы Каму і чаму, чалавек здольны быць моцны:

«Калі адбудуем адносіны з Богам, адбудуем духоўнае жыццё, тады будзем моцнымі перад выпрабаваннямі сучаснасці, тады будзем ведаць і будзем спакойныя гледзячы ў будучыню, бо калі з намі Бог, хто супраць нас? Вось гэта важнае пытанне, якое сёння нам нагадвае Езус Хрыстус. Не дабро, якое збіраем у гэтым свеце, а адносіны з Богам робяць нас спакойнымі».

На заканчэнне іерарх памаліўся, каб Бог праз заступніцтва св. Людмілы навучыў нас прынцыпу: «Мудра ацэньваць тое, што з намі адбываецца ў гэтым свеце, а любіць і ўсе нашыя памкненні і думкі кіраваць да дабротаў вечных, трывалых, галоўнай з якіх з’яўляецца наш Бог і Творца».

Пасля святой Імшы ўсе ўдзельнікі накіраваліся ў парафіяльны зал, дзе спадар Томаш Перніцкі адчыніў выставу, пазнаёміўшы прысутных з жыццём святой Людмілы.

Святая Людміла Чэшская (+ 921 г.) – княгіня і заступніца Чэшскай зямлі – першая славянская пакутніца. Лічыцца заступніцай бабуль і хрысціянскіх выхавальнікаў і настаўнікаў. Будучы хроснай дачкой святога роўнаапостальнага Мяфодзія, арцыбіскупа Мараўскага, Людміле ўдалося захаваць у Чэхіі царкоўнае богаслужэнне на славянскай мове.

Праводзячы набожнае жыццё, распаўсюджваючы хрысціянскую веру ў Чэхіі, святая Людміла стала годным прыкладам свайму ўнуку, князю Вацлаву, які перанёс рэшткі княгіні Людмілы з Цяціна ў Прагу і паклаў іх у касцёле святога Йіржы (Георгія), дзе яны знаходзяцца аж па сённяшні дзень. Святая Людміла Чэшская на ўсе наступныя стагоддзі заклала духоўна-культурны падмурак для развіцця цэлых краін і народаў. Подзвіг княгіні Людмілы Чэшскай стаў той справай, якой яна прысвяціла сваё жыццё, сваё служэнне Богу і блізкім.

Місія святой Людмілы і дагэтуль служыць пуцяводнай зоркай шматлікім хрысціянам, якія жывуць у Еўропе. Так, хрысціянская культура Чэхіі стала часткай агульнахрысціянскай культуры ўсёй Еўропы і славянскага свету.

На выставе «Святая Людміла — «калыска» чэшскай святасці» прадстаўленыя плакаты адлюстроўваюць жыццё і пакутніцкую смерць святой, яе значэнне ў хрысціянізацыі Чэхіі і шанаванне ў наступныя стагоддзі. Больш інфармацыі на сайце www.svataludmila.cz

Завяршылася мерапрыемства супольным пасілкам і словамі падзякі біскупу Алегу Буткевічу за прысутнасць і Паслу Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь спадару Томашу Перніцкаму за арганізацыю і дабрачыннасць, таксама за арганізацыю дырэктару Caritas Віцебскай дыяцэзіі  а. Аляксандру Сапелю SDS, парафіяльнаму камітэту і ўсім, хто прычыніўся да гэтай добрай падзеі.

Аксана Касцючэнка, тэкст
Ганна Байкова, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі