Праходзілі яны з 30 верасня па 7 кастрычніка, праводзілі іх айцы-рэдэмптарысты Анджэй Ядкоўскі і Валерый Мазюк.
У апошні дзень місій, які праходзіў у нядзелю 7 кастрычніка, каля касцёла быў усталяваны місійны крыж. Перад пачаткам святой Імшы вернікамі разам са святарамі сабраліся перад уваходам у храм, дзе ляжаў крыж. Ён быў зроблены вернікамі парафіі ў знак таго, што ў іх парафіі прайшлі Святыя Місіі.
Напачатку айцец Анджэй распавёў пра значэнне крыжа для хрысціяніна. Калісьці гэта быў знак ганьбы, бо на іх укрыжоўвалі цяжкіх злачынцаў, – адзначыў святар, – але Езус сваёй смерцю на крыжы, дзе Ён памёр за грахі людзей, зрабіў крыж сімвалам хрысціянства, тым сімвалам, якім мы павінны ганарыцца, а не саромецца.
Потым мужчыны ўзялі крыж на плечы, і ўсе разам – і святары, і хор, і вернікі – прайшлі працэсіяй вакол святыні. Як і належыць, мужчыны з крыжам на плячах узначальвалі гэта шэсце. Па яго заканчэнні крыж быў пастаўлены на сваё пастаяннае месца, дзе ён будзе нагадваць аб тых днях, што перажыла парафія падчас місій. Пробашч парафіі ў Ваўкалаце ксёндз Алег Півавар прымацаваў да крыжа памятную таблічку аб Святых Місіях у парафіі.
І падчас працэсіі, і падчас устаноўкі місійнага крыжа вернікі высока трымалі ў руках свае крыжы ў памяць аб гэтых місіях. Айцец Анджэй адзначыў, што як хутка сёння парафіяне паставілі гэты крыж, які не такі і лёгкі. Так і іншыя справы, калі рабіць іх супольна і дружна, будуць рабіцца хутка і лёгка. Трэба адзначыць і той факт, што гэтай падзеі вельмі паспрыяла надвор’е, якое ў гэтую кастрычніцкую нядзелю выдалася проста цудоўным.
Пасля ўстаноўкі Місійны крыж, а таксама крыжы ўсіх вернікаў асвяціў айцец Валерый. Потым святары і міністранты ўшанавалі крыж пацалункам, астатнія вернікі мелі магчымасць зрабіць гэта пасля заканчэння Імшы. Затым вернікі на чале са святарамі і міністрантамі ўрачыста ўвайшлі ў храм. Пры гэтым усе спявалі “Езус Хрыстус – Пераможца, Пан Сусвету і Валадар!”, а перад самым пачаткам богаслужэння хор разам з вернікамі выканаў спеў “Хвала на вышынях Богу!”
Святую Імшу ўзначаліў пробашч парафіі ксёндз Алег Півавар, а слова да вернікаў прамовіў айцец Валерый Мазюк.
У самым пачатку ён адзначыў, што за ўсю гісторыю за Хрыста і Яго веру загінула больш за 70 мільёнаў чалавек, з якіх ажно 45 тысяч – у ХХ стагоддзі. Мінулае стагоддзе можна з поўным правам назваць стагоддзем мучанікаў за веру.
Праўда, і нашым ХХІ стагоддзі сітуацыя ў лепшы бок не змянілася: штогод каля сто тысяч чалавек пралівае сваю кроў ха Хрыста, толькі ў 2016 годзе за веру былі замучаныя і забітыя больш за 90 тысяч хрысціян.
– Дык няўжо гэтыя ўсе людзі, якія не выракліся сваёй веры, маглі памыляцца? – рытарычна спытаў айцец-рэдэмптарыст і задаў яшчэ адно пытанне, – для чаго мы ўсе тут разам маліліся гэтыя восем дзён падчас місій?
А рабілі мы гэта для таго, – працягнуў святар, – каб ніхто з нас ніколі ад Бога не адрокся, каб ніхто з нас не засумняваўся, што Бог ёсць.
Каб у гэтым пераканацца, мала слухаць Божае Слова толькі сваім розумам, яго трэба слухаць усім сэрцам, усёй душой.
Далей святар коратка ўзгадаў пра падзеі, што адбываліся ў кожны з дзён місійнага тыдня. Гэта вельмі добра, што зараз тут мы можам свабодна вызнаваць нашу веру, – падкрэсліў айцец Валерый, – але трэба памятаць, што так было не заўсёды і зараз так ёсць не ўсюды.
Айцец нагадаў словы Хрыста, якія Ён сказаў сваім вучням: “Ідзіце на ўвесь свет”, каб прапаведаваць Яго вучэнне. Але ў кожнага з вас ёсць свае сем’і, праца, іншыя абавязкі, – працягнуў далей святар, – то вы скажаце, гэта не наша справа прапаведаваць, хай гэтым займаюцца святары. Але ўвесь свет для кожнага з нас – гэта тое асяроддзе, дзе мя знаходзімся штодня. Гэта нашы сем’і, наша праца, наша вёска.
Далей айцец Валерый асобна звярнуўся да мужчын, жанчын, людзей старэйшага веку і моладзі, нагадаўшы, што ў кожнай групы вернікаў ёсць свая місія ў прапаведаванні Евангелля, і сваім штодзённым жыццём мы павінны паказваць, што мы хрысціяне і не саромеемся сваёй веры.
Напрыканцы гаміліі айцец асобна звярнуўся да ксяндза Алега, пробашча гэтай парафіі. “Вось гэта для цябе ўвесь свет, – сказаў місіянер, паказаўшы рукой на сабраных у храме вернікаў, – цябе Езус прыслаў сюды. Місіянеры едуць далей, а Хрыстос застаецца ў вашай парафіі. І гэтага Хрыста ты павінен тут прадстаўляць”. Святар заклікаў ксяндза Алега быць бацькам для сваіх парафіянаў, а парафіянаў быць добрымі дзецьмі і ставіцца да святара як да свайго таты.
На заканчэнні Імшы Валянціна Янковіч і Антаніна Бабарыка ад імя ўсёй парафіі падзякавалі айцам-рэдэмтарыстам за тыя восем дзён, што вернікі перажылі разам з місіянерамі, і ўручылі ім кветкі і падарункі. У сваю чаргу айцец Анджэй падзякаваў ваўкалацкім парафіянам і ксяндзу Алегу за цёплы і сардэчны прыём.
Трэба адзначыць, што апошнія місіі ў гэтай парафіі былі ажно ў трыццатых гадах мінулага стагоддзя. Правесці іх пасля не было магчымасці, бо наступілі змрочныя часы ваяўнічага атэізму. Праўда, не гледзячы на пераслед, вернікі ў Ваўкалаце адстаялі сваю святыню і не далі яе зачыніць. І зараз тут моцная вера, у чым маглі пераканацца місіянеры, якія паабяцалі прыехаць сюды ў наступным годзе на аднаўленне місій.
Айцы перадалі пробашчу стулы і ключ ад святыні, якія яны атрымалі ў пачатку місій, як сімвал улады ў парафіі. Зараз улада зноў перайшла да пробашча.
А закончылася Імша ўрачыстым бласлаўленнем місійнымі крыжамі, якое місіянеры разам з пробашчам удзялілі вернікам парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў Ваўкалаце. А ўжо па выхадзе з храма кожны меў магчымасць падыйсці і ўшанаваць місійны крыж.
Зміцер Лупач, тэкст;
Леанід Юрык, Зміцер Лупач, фота;
Зміцер Лупач, відэа
Больш фотаздымкаў глядзіце тут
для друку