У Тракелях прайшла сустрэча для членаў руху “Маргарытка” Гродзенскай дыяцэзіі

26 чэрвеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася сустрэча для членаў малітоўнай групы апостальскага руху “Маргарытка”.

Галоўная мэта гэтага руху – штодзённая малітоўная падтрымка святароў і кансэкраваных асобаў. Яго ўдзельнікі здзяйсняюць малітву за духоўных асобаў, на працягу жыцця ахвяруюць за іх штодзённыя Божыя дары і прысвячаюць пакуты. Кветка маргарытка, у гонар якой рух названы, выяўляе яго дух, які заключаецца ў прастаце (як маргарытка выглядае маленькай і простай), адзінстве (як гэтая кветка аб’ядноўвае шмат пялёсткаў) і самаахвярнасці. На сённяшні дзень у Гродзенскай дыяцэзіі больш за дзве тысячы ўдзельнікаў руху.

На сустрэчы прысутнічала каля 400 чалавек з розных месцаў дыяцэзіі. У межах сустрэчы праслаўлялі Бога Айца, маліліся, прасілі падтрымкі ў Маці Божай. У праграме былі канферэнцыя, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, а кульмінацыяй была Імша, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Разам з ім у інтэнцыі ўсіх членаў руху і за ўсіх пакліканых да асаблівага служэння Богу і Касцёлу маліліся мадэратар руху ў Гродзенскай дыяцэзіі кс. Ян Раманоўскі і іншыя святары.

У гаміліі біскуп звярнуў увагу на тое, што малітва “можа быць амаль цалкам нябачнай для свету, але ніколі не застаецца нябачнай для Бога”. “Чалавек вельмі часта задае сабе пытанне: ці сапраўды мая малітва нешта змяняе? – дадаў іерарх. – Божае слова адказвае вельмі выразна: так. Так, таму што ніводная малітва не губляецца перад Богам. Ніводны акт любові не губляецца перад Богам”.

Біскуп выказаў падзяку ўдзельнікам руху: “Дазвольце ад імя ўсёй дыяцэзіі, ад імя Касцёла, ад імя святароў, ад імя тых, хто ўжо нясе цяжар святарскага служэння, і ад імя тых, хто яшчэ толькі распазнае сваё пакліканне, сказаць вам словы глыбокай, шчырай і сапраўды сыноўняй удзячнасці: дзякуй вам. Дзякуй вам за тое, што вы разумееце вельмі істотную праўду, якую сучасны свет не заўсёды разумее, а менавіта што святар, хоць і быў намашчаны, хоць і быў пасланы, хоць і быў выбраны Богам, працягвае заставацца чалавекам, якому патрабуюцца малітва, падтрымка, ласка, духоўная абарона і Божая моц”.

“Бо вельмі лёгка чакаць ад святара бездакорнасці. Вельмі лёгка патрабаваць. Вельмі лёгка заўважаць недахопы. Вельмі лёгка ацэньваць. Вельмі лёгка казаць, якім павінен быць святар. Але значна цяжэй – узяць у рукі ружанец і сказаць: «Божа, захоўвай святароў». Значна цяжэй – ахвяраваць свой боль, сваю стомленасць, сваю хваробу, сваю адзіноту або свой штодзённы крыж у інтэнцыі таго, хто быў пакліканы абвяшчаць Божае слова, цэлебраваць Эўхарыстыю, фармаваць чалавечае сумленне, суправаджаць людзей у іх радасцях і трагедыях і вельмі часта, у глыбіні свайго сэрца, весці таксама цяжкую і нябачную барацьбу за ўласную вернасць Богу”, – адзначыў біскуп.

Ён падкрэсліў, што святарства не павінна быць “сцэнай для чалавечай славы, месцам самасцвярджэння або спосабам будавання ўласнага аўтарытэту”. “Святарства без пакоры вельмі хутка становіцца небяспечным. Святарства без малітвы вельмі хутка становіцца пустым. Святарства без жыцця перад Богам вельмі хутка рызыкуе ператварыцца ў дзейнасць без духоўнага агню, у служэнне без унутранага караня і ў працу, у якой застаецца шмат чалавечай актыўнасці, але ўсё менш Божай прысутнасці. І менавіта таму, дарагія «маргарыткі», ваша малітва мае такую вялікую каштоўнасць – таму што Касцёлу патрэбныя не проста арганізаваныя святары, не проста разумныя святары, не проста актыўныя святары, але перадусім святыя святары”, – сказаў іерарх.

“Чалавеку можа здавацца: што можа зрабіць мая маленькая малітва за святара; што можа змяніць адзін мой Ружанец; што можа зрабіць мая маленькая ахвяра? А Евангелле адказвае: у Божых вачах тое, што чалавеку здаецца маленькім, можа мець значэнне, якое адкрыецца толькі ў вечнасці. Можа быць, дзякуючы вашай малітве нейкі святар не згубіў паклікання. Можа быць, дзякуючы вашай малітве нехта знайшоў сілу падняцца пасля ўнутранай цемры. Можа быць, дзякуючы вашай малітве нехта не страціў надзею ў момант вялікага духоўнага выпрабавання. Можа быць, дзякуючы вашай малітве праз рукі святара тысячы людзей атрымалі Божую міласэрнасць, – заўважыў біскуп. – Толькі ў Божым Валадарстве мы ўбачым сапраўдную сілу той нябачнай духоўнай працы, якую сёння выконваюць людзі, якія не шукаюць славы, а проста любяць Касцёл настолькі, што хочуць маліцца за святароў”.

“Будзем сёння асабліва маліцца тут аб святасці святароў, аб святасці біскупаў, аб новых і святых пакліканнях, аб вернасці семінарыстаў, аб любові да Эўхарыстыі і аб тым, каб ніколі не згасаў у Касцёле дух малітвы за тых, каго Бог паклікаў служыць Яго народу”, – сказаў біскуп і пажадаў удзельнікам руху, каб Маці Божая Тракельская ўмацоўвала іх у гэтым “ціхім, але вялікім служэнні”, каб яны не стамляліся “быць тымі людзьмі, якія падтрымліваюць святарства не крытыкай, не абыякавасцю, а любоўю, верай і вернай малітвай”.

Grodnensis.by

для друку для друку