У свята Святога Міхала Арханёла ў парафіі ў Навагрудку можна прыняць шкаплер

29 верасня парафія святога Міхала Арханёла ў Навагрудку запрашае паўдзельнічаць у парафіяльнай урачыстасці і ўрачыста прыняць шкаплер заступніцтва св. Міхала. Прыняць шкаплер можа кожны вернік.

Шкаплер — перш за ўсё бачны знак даверу св. Міхалу Арханёлу. Першы такі шкаплер з’явіўся ў XІХ ст. пры касцёле св. Яўстафія ў Рыме і належаў да створанага ў Рыме ў 1878 г. брацтва св. Міхала Арханёла. Шкаплер быў зацверджаны папам Львом ХІІІ у ХІХ ст. Папа Бэнэдыкт ХVІ у адным са сваіх пасланняў напісаў, што матывы знешняга прыняцця шкаплера нагадваюць пра пераможную дапамогу вялікага Абаронцы.

Шкаплер складаецца з дзвюх частак у форме шчыта. Частка шкаплера, якая спадае на плечы, азначае паставу адданасці Божай волі, вытрымку ў выпрабаваннях. Пярэдняя частка, якая спадае на грудзі, нагадвае, што сэрца носьбіта шкаплера павінна палымнець любоўю да Бога і бліжняга, азначае адмову ад эгаізму і прывязанасці да зямных спраў і каштоўнасцяў.

Нашэнне шкаплера павінна нагадваць аб хрысціянскіх абавязках, упэўненасці, што мы маем вялікага заступніка і абаронцу. Шкаплер з’яўляецца яшчэ адным выразам і сведчаннем нашай веры.

Якую ролю выконвае шкаплер?

Шкаплер з’яўляецца бачным знакам абрання св. Міхала Арханёла сваім памочнікам у барацьбе з грахом і спакусамі.

Шкаплер — строй анёльскага войска, даспехі, панцыр супраць зла. Падобна як жаўнера ці святара можна пазнаць па вопратцы, так таго, хто належыць да шкаплернай супольнасці, можна пазнаць па гэтым знаку.

Як вопратка аберагае цела ад знешніх уздзеянняў, шкаплер выконвае падобную ролю ў духоўным вымярэнні — аберагае ад усяго, што магло б стаць перашкодаю на шляху да збаўлення: ад граху, д’ябла, вечнага асуджэння ў пекле.

Нашэнне з верай шкаплера — крыніца Божых ласкаў, неабходных у барацьбе са сваімі заганамі. Шкаплер — адзенне, прызначэннем якога з’яўляецца абарона нашага цела.

Якія ласкі дае нашэнне шкаплера?

  • Абарону духоўнай свабоды ў Хрысце і абарону Святога Касцёла, часткай якога з’яўляюся.
  • Ласку добрай споведзі для сябе і іншых, духоўную моц у барацьбе з залежнасцямі, мудрасць, розум у распазнанні хлуслівых вучэнняў.
  • Пакору сэрца, устрыманне, узрастанне ў веры.
  • Энтузіязм і моц духу ў распаўсюджванні Божага Валадарства ў свеце.
  • Збаўленне душаў чыстцовых.
  • Атрыманне адпустаў.
  • Ласку добрай смерці.

Увага! Шкаплер ні ў якім разе не з’яўляецца абярэгам або талісманам. Сам факт яго нашэння аўтаматычна не вызваліць чалавека ад розных знешніх і ўнутраных праблем.

Свае ласкі міласэрны Бог дае шчодра тым, хто мае шчырую веру. «Паводле веры вашай будзе дадзена вам», — кажа Езус. Таму нашэнне шкаплера з’яўляцца выразам веры, напамінам пра магутнае заступніцтва св. Міхала Арханёла, а таксама сведчаннем. Многія людзі, размаўляючы са святаром, выказваюць страх перад сурокамі, праклёнамі, злымі людзьмі, варажбой і рознымі формамі акультызму, якія вельмі распаўсюджаныя ў нашым грамадстве. Сапраўды веруючаму чалавеку, які жыве ў згодзе з Богам і сваім сумленнем, не трэба гэтага баяцца. Паколькі Арханёл Міхал з’яўляецца пераможцам пякельных моцаў зла, то, калі мы носім з верай шкаплер, наш вораг не зможа падступіцца да нашай душы і цела.

Умовы прыняцця і нашэння шкаплера

  • Прыняць шкаплер з рук святара або дыякана.
  • Насіць яго пастаянна на сабе.
  • Маліцца штодзённым простым экзарцызмам папы Льва ХІІІ: «Святы Арханёле Міхале! Беражы нас у змаганні! Будзь нам абаронаю супраць спакусы і пастак злога духа. Пакорна просім: няхай яго знішчыць Пан Бог, а ты, Князю войска нябеснага, магутнасцю Божай скінь у пекла шатана і іншых злых духаў, якія на згубу душ снуюць па свеце. Амэн!»

Як падрыхтавацца да прыняцця шкаплера?

Неабходна прыступіць да сакрамэнтальнай споведзі і быць здольным да атрымання ласкаў святога адпусту.

Калі людзі жывуць не ў сакрамэнтальнай сувязі (без шлюбу), яны могуць прыняць шкаплер?

У такіх выпадках дапускаецца прыняцце шкаплера, аднак неабходна мець вялікае жаданне, каб св. Міхал Арханёл у гэтым знаку, падказаў і дапамог вырашыць гэтыя праблемы.

Ці могуць прыняць шкаплер дзеці?

Няма ніякіх перашкодаў, каб шкаплер прымалі малыя дзеці. Аднак пажадана, каб яны былі ва ўзросце, калі ім зразумелыя асноўныя праўды веры — найлепш пасля прыняцця Першай Камуніі.

Ці могуць прыняць шкаплер прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій?

Дапускаецца, каб бачны знак аховы ад Міхала Арханёла прыняла ўся сям’я, нават і ахрышчаныя ў Праваслаўнай Царкве (у нашых умовах шмат змешаных сем’яў). Важна, каб ласкай асаблівага заступніцтва св. Міхала карысталася ўся сям’я, якая ў сучасных умовах перажывае вялікі крызіс.

Каб атрымаць дадатковую інфармацыю наконт прыняцця шкаплера св. Міхала Арханёла, можна званіць па нумару +375447719983.

Кс. Юрый Жэгарын

для друку для друку