“У сэрцах ёсць Любоў”. Чарговы фестываль рэлігійнай песні прайшоў у Мёрах (+фота і відэа)

“Зорка Бэтлеема” – фестываль, які ў далёкім 2002 годзе першы раз адчыніў дзверы таленавітай моладзі. Гэтая моладзь прыязджала ў Мёры падзяліцца сваімі талентамі, каб праз спевы і вершы, праз танец і ігру на музычных інструментах праславіць Нованароджанага Збаўцу.

Вось і 4 студзеня 2023 года маладыя выканаўцы з розных куточкаў Беларусі прыбылі ў Мёры, дзе чарговы раз праходзіла “Зорка Бэтлеема”.

Напачатку гасцей і ўдзельнікаў фестывалю прывітаў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Ён заўважыў, што нараджэнне Езуса Хрыста не можа пакінуць абыякавым ніводнага хрысціяніна. Яно напаўняе кожнае сэрца радасцю і жаданнем праславіць Збаўцу. Праславіць перад усім спевам, быццам войска анёлаў, што спявалі “Gloria”.

У першай частцы конкурсу выступілі выканаўцы з парафіі Святой Тройцы (Глыбокае), Злата Ярашэвіч з парафіі Святога Апостала Юды Тадэвуша (Лучай), моладзь і дзеці парафіі Святога Міхала Арханёла (Варапаева), а таксама гурт “Транзітус” з парафіі Святога Францішка з Мінску.

Пасля невялікага перапынку канцэртную праграму працягнулі прадстаўнікі парафіі Святога Андрэя Баболі (Полацк), маленькія скрыпачкі з парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса (Наваполацк), гурт “Антоніо” з парафіі Святога Антонія Падуанскага (Віцебск) і гаспадары фестывалю — моладзь і дзеці парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Мёры).

Трэба сказаць, што агульная атмасфера фестывалю была вельмі цёплай, напоўненай усмешкамі, добрымі словамі і хрысціянскай радасцю. Канешне, прысутнічала хваляванне, але кожны ўдзельнік прыйшоў да мэты – праславіць Хрыста.

Гледзячы праграму, сэрца напаўняў гонар, бо ў нашым Каталіцкім Касцёле на Беларусі такая таленавітая моладзь. І гэтыя таленты вельмі разнастайныя і прадстаўленыя ў самых цікавых формах: прыгожымі спевамі на беларускай, польскай і нават нямецкай мовах. І спевы гэтыя ў самых розных стылях – ад класічных калядак да аўтарскіх і нават рэпу; ігрой на музычных інструментах: скрыпках і цымбалах, фартэпіяна і гітарах, тамтамах і бразготках, не абышлося без цікавых харэаграфічных пастановак.

“Хваліце Яго бубнам і танцам, хваліце Яго на струнах і флейце. Усё, што дыхае, няхай хваліць Пана” – між волі прыйшлі на думку словы 150 псальма.

Надышоў час падвядзення вынікаў. У склад журы ўвайшлі ксёндз Сяргей Сурыновіч, сястра Ёнаша Мровец, спадарыня Тэрэза Будкевіч. Удзельнікаў ацэньвалі ў дзвюх узроставых катэгорыях  — дзеці (да 12 гадоў) і моладзь (13 – 17 год).

У намінацыі “Інструментальная творчасць” месцы падзяліліся наступным чынам:

  1. Кацярына Мазынская (скрыпка, Наваполацк), Дашкевіч Вераніка (фартэпіяна, Полацк), Шамёнак Аляксандр (гітара, Мёры);
  2. Мяцеліца Марыя (Наваполацк), Дашкевіч Вераніка і Воднева Дар’я (Полацк).

У намінацыі “Дуэты”:

  1. Дашкевіч Вераніка і Воднева Дар’я (Полацк), Шаршунс Мацвей і Вавінская Вераніка (Глыбокае);
  2. Казаровец Ульяна і Дзевяткоўскі Пётр (Варапаева).

У намінацыі “Гурты”:

  1. Дзіцячы гурт з Глыбокага, а таксама моладзевы гурт з Віцебска;
  2. Дзіцячы ансамбль гурта “Транзітус”;
  3. Гурты “Зорачкі” і “Званочкі” (Мёры), моладзь гурта “Транзітус” (Мінск).

У намінацыі “Сола”:

  1. Андрэйчык Таіса (Наваполацк), Злата Ярашэвіч (Лучай);
  2. Девяткоўскі Пётр (Варапаева), Дехцяронак Кірыл (Мёры), Станіслаў Мікуць (Мінск);
  3. Мазынская Кацярына (Наваполацк), Казаровец Ульяна (Варапаева), Сіняўская Таццяна (Глыбокае), Казачонак Ксенія (Глыбокае).

Усе артысты атрымалі дыпломы, салодкія падарункі і добрыя кнігі. Напрыканцы гучалі словы падзякі выканаўцам, арганізатарам, а таксама кіраўнікам, настаўнікам, што рыхтавалі дзяцей і моладзь да ўдзелу ў конкурсе.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

Вялікі фотарэпартаж па спасылцы >>

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі