У суботу 1 лютага ў парафіі святога Андрэя Баболі ў Полацку прайшла сустрэча ўдзельніц руху “Маці ў малітве”, якая сабрала каля 130 матуль разам са сваімі прабашчамі з усей Віцебскай дыяцэзіі.
Распачалася сустрэча з адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якой маці ў ціхай малітве ўзносілі свае сэрцы да Бога. У гэта час была магчымаць прыступіць да споведзі.
Пасля Адарацыі адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Алег Буткевіч. Разам з ім пры алтары маліліся адказны за душпастырства руху “Маці ў малітве” ў Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Антон Лагунёнак і святары, якія прывезлі сваіх матуль-парафіянак на сустрэчу.
Падчас Эўхарыстыі іерарх маліўся ў інтэнцыі усіх удзельніц руху, іх дзяцей і сем’яў.
У прамоўленай гаміліі пастыр дыяцэзіі звярнуў увагу на развіццё нашай веры, якая вядзе да ўмаццавання надзеі. Ставячы ў прыклад Абрагама, біскуп Алег заахвочаваў мець давер да Бога, асабліва ў сваіх малітвах за дзяцей.
Усе сабраныя, пасля святой Імшы сустрэліся са сваім духоўным кіраўніком кс. Антонам, які прамовіў да іх канферэнцыю на тэму “Прабачэнне”. “Прыняўшы прабачэнне ад Бога мы будзем здольны прабачыць іншага”, – падкрэсліў святар.
Пасля матулі звярнуліся ў сваіх супольных малітвах да Бога, просячы за сваіх дзяцей і сем’і, за Святога Айца, біскупа і сваіх душпастыраў.
На заканчэнне сустрэчы ўсе сабраліся за супольным абедзенным сталом. Парафія святога Антонія з Віцебска прадставіла аўтарскую песню сваёй парафіянкі Ірыны Саматай – “Будслаўскі вальс”. Падсілкаваўшыся, усе з радасцю вярталіся да сваіх парафій, пакідаючы ў сэрцы цеплыя ўспаміны ад гэтага спаткання.
Кс. Антон Лагунёнак
