29 ліпеня ў 12:00 у касцёле св. Арханёла Міхала адбудзецца ўрачыстае ўнясенне партрэтаў сясцёр мучаніц з Навагрудка разам з іх рэліквіямі. Унясенне ўзначаліць с. Філатэя Ціхановіч, правінцыяльная настаяцельніца.
Таксама ў касцёл навагрудскімі сем’ямі будуць унесеныя 11 абразоў мучаніц, с. Малгажата, выява расстралянага хлопчыка, капелан мучаніц – кс. Аляксандр Зянкевіч, біскуп Зыгмунт Лазінскі і графічная выява малітвы мучаніц перад пакутніцкай смерцю, змаляваных вядомымі мастакамі з аўтэнтычных архіўных здымкаў кожнай.
Такі збор абразоў мучаніц з Навагрудка і асоб з імі звязаных памерам 60х80, з’явіўся наколькі вядома, ўпершыню ў гісторыі не толькі Навагрудка але і ўсёй краіны, а таксама замежжа. Існуе агульны абраз, намаляваны на вялікім палатне, які захоўваецца ў касцёле Перамянення Пана ў Навагрудку і які быў прывезены ў Рым на ўрачыстасць беатыфікацыі.
Абразы пакутніц будуць некаторы час знаходзіцца ў касцёле Св. Арханёла Міхала ў Навагрудку, пасля чаго ёсць магчымасць іх перэгрынацыі па іншых касцёлах нашай краіны, згодна з пажаданнямі мясцовых душпастыраў.
Дамінік Запаснік
