У Навагрудку асвяцілі адноўлены алтар

19 чэрвеня ў касцёле Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку адбылося асвячэнне адноўленага алтара Святога Крыжа, які разам з будынкам касцёла быў знішчаны бальшавікамі пасля ІІ Сусветнай вайны.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У гаміліі іерарх раскрыў сутнасць Крыжа Хрыстаа, а на заканчэнне Імшы асвяціў адноўлены алтар.

Пасля адбылося адкрыццё выставы мастацкіх твораў Анатоля Наліваева пад назвай «Храмы Радзімы». На пляцоўцы перад касцёлам пры уваходзе ў будынак, дзе знаходзіцца выстава, усіх прысутных прывітаў пробашч парафіі кс. Юрый Жэгарын і адзначыў, што Каталіцкі Касцёл заўсёды падтрымліваў сапраўдную культуру.

Пасля свае словы прамовілі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, прадстаўнік сям’і Наліваевых і мастацтвазнаўца з Мінску спадарыня Ларыса Міхневіч. Адкрыццё выставы завяршылася пераразаннем чырвонай стужкі арцыбіскупам Тадэвушам і сябрам мастака Анатоля Наліваева, спадаром Юрыем Пташынскім.

Кожны прысутны меў магчымасць наведаць выставу і праслухаць экскурсію па прадстаўленых мастацкіх творах.

Марына Раманчук

для друку для друку