У Мёрах і Лепелі адкрыліся дзіцячыя цэнтры Caritas (+відэа)

У нядзелю 2 верасня яны былі асвечаныя і прынялі першых наведвальнікаў.

Адкрыццё і асвячэнне Цэнтра ў Мёрах адбылося ў 11 гадзін пасля Імшы ў касцёле. Сам Цэнтр, або як яго яшчэ называюць святліца, размешчаны па вуліцы Паштовай. На яго адкрыццё завіталі прадстаўнікі чэшскай арганізацыі Caritas, дырэктар Яраслаў Немец і яго намеснік Павел Шымек. Яны таксама аказваюць дапамогу дзецям з Беларусі.

– Мы дапамагаем таму, што трэба дапамагаць. Мы думаем, што тут на ўсходзе, у Беларусі шмат бедных людзей. Такая наша праца – дапамагаць людзям праз Caritas, адзначыў Павел Шымек.

Новы цэнтр асвяціў пробашч Мёрскай парафіі ксёндз Кшыштаф Міекіна. Дзеці атрымалі падарункі ад Caritas, якія ўручыў ім ксёндз Андрэй Аніскевіч, дырэктар Caritas Віцебскай дыяцэзіі.

Кіраўнік парафіяльнага Caritas у Мёрах Ганна Вайсковіч адзначыла важнасць гэтай святліцы для дзяцей і моладзі:

– Святліца – гэта вельмі важнае месца для нас, таму што ёсць дзе спатыкацца дзецям, моладзі, могуць праводзіць свой вольны час, могуць рабіць заняткі не толькі па рэлігіі, але і іншыя ўрокі. Сустракацца са сваімі сябрамі, папіць гарбаты, паглядзець тэлевізар. Таму для нас гэта вельмі важны і прыемны падарунак.

Спадарыня Ганна выказала ўдзячнасць усім, хто спрычыніўся да яго адкрыцця:

– Мы вельмі ўдзячныя дырэктару Caritas Віцебскай дыяцэзіі за тое, што ён падтрымаў гэты праект і ўсім, хто далучыўся да арганізацыі і хто рабіў рамонт у святліцы.

У сваю чаргу ксёндз Андрэй падзякаваў спонсарам за магчымасць адкрыцця такіх Цэнтраў у Мёрах і Лепелі:

– Я вельмі ўдзячны, што ўрэшце гэты пробны варыянт нашых святліц, нашага Цэнтра для прабывання дзяцей і моладзі адбыўся. Мы гэта зрабілі разам з нашымі партнёрамі, супрацоўнікамі, з тымі людзьмі, што нам дапамагаюць. Гэта Caritas Польшчы і праграма Міністэрства замежных спраў Польшчы «Польская дапамога». Яны вельмі шмат дапамаглі, амаль усё яны тут зрабілі.

Адкрыццё падобнай святліцы ў Лепелі адбылося ў 17 гадзін таксама пасля Імшы ў касцёле. Імшу ўзначаліў ксёндз Андрэй Аніскевіч, які ў свой час служыў у Лепелі. І падчас казання, і падчас уласна адкрыцця ксёндз Андрэй падкрэсліў тую думку, што Касцёл – гэта не толькі святары і храмы, а гэта ў першую чаргу супольнасць вернікаў:

– Касцёл – гэта не толькі святары, Касцёл – гэта людзі. І Касцёл – гэта не толькі будынак. Калі гэты будынак будзе пуставаць, калі гэта памяшканне будзе пуставаць, то тады няма сэнсу ў нашых стараннях. А калі тут будуць людзі, калі тут будзе дзіцячы смех, радасць, калі дзеці тут будуць адзначаць свае дні нараджэння, гэта вельмі важна.

Пасля Імшы ў знак адкрыцця была перарэзаная чырвоная стужка, а пробашч Лепельскай парафіі ксёндз Уладзімір Заянчкоўскі асвяціў памяшканне Цэнтра. У Лепелі дзеці таксама атрымалі падарункі ад Caritas. Іх уручыў ксёндз Андрэй Аніскевіч, яму дапамагалі выхавацелі, што будуць тут працаваць.

– У дзяцей ёсць жаданне наведваць касцёл, а тым больш калі будзе арганізаваная такая святліца, мы будзем старацца працаваць і ў нас будзе ўсё добра, ­– выказала надзею адна з выхавацелек Вікторыя Варанько.

Кіраўнік лепельскага Caritas Міхаіл Маркевіч ад імя ўсіх парафіян выказаў удзячнасць ксяндзу Андрэю і замежным спонсарам за такі падарунак:

– Мы ўсе парафіяне вельмі радыя, што такі Цэнтр адкрыўся тут у нас у Лепелі. Мы вельмі ўдзячныя нашым спонсарам, бо без іх тут наогул бы нічога не было. Уся парафія ўдзячная ксяндзу Андрэю за яго старанні, за арганізацыю.

У сваю чаргу кіраўнік Caritas Віцебскай дыяцэзіі выказаў надзею, што з сённяшніх дзяцей вырастуць дастойныя людзі. Магчыма, сярод іх будуць знакамітыя людзі, будуць кіраўнікі, якія будуць вырашаць важныя пытанні. І яны будуць памятаць пра тыя шчаслівыя хвіліны, што перажывуць тут разам.

– Невядома, хто чым будзе займацца ў жыцці. Але гэта недзе ў душы адкладзецца, што Касцёл – гэта тое дабро, якое мы павінны разам з усімі людзьмі несці ў свет і паказваць усім, што мы – гэта адно цэлае, адна сям’я. Гэта перш за ўсё, – адзначыў святар.

Сястра Дар’я Галубкова, якая будзе займацца такімі праектамі ў Віцебскай дыяцэзіі, таксама выказала падзяку ўсім спонсарам і адзначыла, што ў раёнах, у Мёрах, тут, у Лепелі, не так шмат ёсць месцаў, куды дзеці могуць пайсці, каб пабыць разам:

– Гэта святліца прызначаная не толькі для катэхезы, але і для іншых заняткаў, у тым ліку інтэграцыйных, куды змогуць прыходзіць дзеці з інваліднасцю, дзеці, пазбаўленыя бацькоўскай апекі, з цяжкім становішчам у сям’і. Гэта паспрыяе іх інтэграцыі, сяброўству.

Ксёндз Андрэй паведаміў, што ёсць планы, каб адкрыць падобныя святліцы ў Глыбокім і Оршы. Спадзяёмся, што спонсары падтрымаюць гэту добрую справу.

Зміцер Лупач, тэкст
Зміцер Лупач, Марына Сінкевіч, с. Дар’я Галубкова, фота
Леанід Юрык, відэа

 

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі